Аліна Пільчук заняла 10 месца на этапе юніёрскага Кубка IBU
Беларуска Аліна Пільчук заняла 10-е месца ў індывідуальнай гонцы на этапе юніёрскага Кубка IBU па біятлоне, які праходзіць 12-15 снежня ў Паклюцы.
Ліза Марыя Спарк, Эмі Басерга і Беатрыс Трабуччы. фота IBU
На вышэйшую прыступку п’едэстала ўзнялася немка Ліза Марыя Спарк. Другое месца заняла спартоўка з Швейцарыі Эмі Басэрга. Трэцяй стала італьянка Беатрыс Трабуччы.
Аляксандр Хацкевіч блізкі да таго, каб узначаліць „Ротар”
Новым настаўнікам расейскага „Ротара» можа стаць Аляксандр Хацкевіч. Беларускі спецыяліст з’яўляецца адным з кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера клуба. Бакі ўжо вядуць дыялог і блізкія да дасягнення пагаднення. Аляксандр Хацкевіч раней працаваў з менскім і кіеўскім „Дынама”, юнацкай і нацыянальнай зборнымі Беларусі, „Віцебскам”, а таксама ў трэнерскім штабе зборнай Украіны. Варта адзначыць, што „Ротар” з’яўляецца лідарам турнірнай табліцы Футбольнай нацыянальнай лігі.
Тры беларускія футбольныя арбітры сталі суддзямі міжнароднай катэгорыі
Тры беларускія футбольныя суддзі атрымалі прэстыжны міжнародны статус рэферы ФІФА. Па рэкамендацыі судзейскага камітэта АБФФ Міжнародная федэрацыя футбола зацвердзіла ў якасці арбітраў ФІФА Віктара Шымусіка, Дзмітрыя Дзмітрыева і Аміна Кургхелі. Да гэтага такі статус з дзеючых беларускіх суддзяў меў толькі Аляксей Кульбакоў. Акрамя таго, асістэнтамі рэферы ФІФА сталі Антон Гусеў, Антон Ігнацюк, Дзяніс Емяльяненка і Сяргей Касавец. Такую ж катэгорыю раней атрымалі Дзмітрый Жук, Юрый Хомчанка, Алег Маслянка і Яўген Раманаў.
Уладзімір Рэва пакінуў пасаду галоўнага трэнера жаночай каманды ФК „Менск”
Па заканчэнні тэрмінаў кантрактаў жаночы футбольны клуб «Менск» пакінулі галоўны трэнер Уладзімір Рэва і старшы трэнер Сяргей Вакалюк. Пад кіраўніцтвам ўкраінскіх спецыялістаў у 2019 годзе „гараджанкі” выйгралі чэмпіянат Беларусі, заваявалі Кубак і Суперкубак краіны, а таксама ўпершыню ў гісторыі клуба выйшлі ў 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў УЕФА.
Гандбалісткі зборных Расеі, Іспаніі, Нідэрландаў і Нарвегіі выйшлі ў 1/2 фіналу ЧС
На жаночым чэмпіянаце свету па гандболе ў японскім Кумамота вызначыўся квартэт удзельнікаў паўфінальнай стадыі. Гандбалісткі зборнай Расеі, якія перамаглі ў заключным матчы асноўнага этапу каманду Іспаніі, у паўфінале згуляюць з бронзавым прызёрам мінулага сусветнага першынства зборнай Нідэрландаў. У другім паядынку за выхад у фінал віцэ-чэмпіёнкі планеты нарвежкі будуць супернічаць з іспанскай дружынай. Паўфінальныя баталіі пройдуць 13 снежня.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
