Аліна Змушко ўстанавіла рэкорд на дыстанцыі 100 метраў брасам



У Берасці з 21 па 24 красавіка праходзіць чэмпіянат Беларусі па плаванні. Адбыліся папярэднія заплывы на дыстанцыі 100 метраў брасам ў жанчын, дзе лепшай стала Аліна Змушко.

Яна паказала час 1.07,01, што з’яўляецца новым рэкордам Беларусі. Вынік адпавядае ліцэнзіі катэгорыі „А” на Алімпіяду ў Токіо-2021. Гэта ўжо восьмая ліцэнзія для беларускіх спартоўцаў на бліжэйшыя летнія Гульні.

„Ман Сіці” ўзгадніў за 12 млн. еўра трансфер 17-гадовага вінгера

„Манчэстэр Сіці” дамовіўся пра пераход вінгера „Флумінэнсе” Кайкі. „Гараджане” заплацяць за 17-гадовага гульца юнацкай зборнай Бразіліі U-17 12 млн еўра плюс бонусы. Таксама клуб з Рыа-дэ-Жанейра атрымае 20% ад магчымага перапродажу Кайкі. Па ўмовах здзелкі, Кайкі застанецца ва „Флумінэнсе” да канца 2022 года, а потым падпіша з „Ман Сіці” 5-гадовы кантракт.

Зборная Беларусі па пляжным футболе прайграла ў матчы турніру ў Санкт-Пецярбургу

Зборная Беларусі па пляжным футболе пацярпела першую паразу ў новым сезоне. У паядынку другога тура групавога этапу турніру Intercup-2021 у Санкт-Пецярбургу беларусы саступілі чэмпіёну Расеі маскоўскаму „Лакаматыву” з буйным лікам 2:7. У складзе прайграўшых абодва мячы забіў Алег Гапон. У заключнай сустрэчы папярэдняй групы А беларуская зборная згуляе з саратаўскай „Дэльтай».

У каляндар ВТА дадалі два новыя грунтовыя турніры катэгорыі 250

У календары ВТА з’явіліся два новыя турніры катэгорыі 250. Першы пройдзе ў італьянскай Парме, а другі – у нямецкім Гамбургу. Адкрыты чэмпіянат Эміліі-Раманьі стартуе на поўначы Італіі на грунце 17 траўня. У ім возьмуць удзел 32 удзельніцы ў адзіночным разрадзе і 16 пар. Другі дадатак да календара – таксама грунтовы турнір, які стартуе ў Гамбургу 5 ліпеня. У адзіночным разрадзе згуляюць 28 спартовак. Таксама адбудзецца парны турнір з 16 дуэтаў.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tut.by