Аляксандр Гутар пакінуў салігорскі „Шахцёр”
Галкіпер Аляксандр Гутар пакінуў салігорскі „Шахцёр”. Кантракт з брамнікам скасаваны па пагадненні бакоў. Гутар прыняў удзел у 62 матчах за „Шахцёр”, у якіх прапусціў 44 мячы і 27 разоў адыграў „на нуль”. За два сезоны ў стане „гарнякоў” брамнік двойчы стаў чэмпіёнам Беларусі і выйграў Суперкубак краіны.

Фота: pressball.by
Таксама па ўзаемнай дамове, „Шахцёр” пакінуў паўабаронца Ігар Стасевіч. У жоўта-чорнай футболцы гулец правёў 32 матчы, у якіх забіў 3 мячы і аддаў 4 галявыя перадачы.
Вера Лапко выйшла ў другі круг кваліфікацыі турніру ў Арланда
Вера Лапко (409-ы нумар рэйтынгу ВТА) выйшла ў другі круг кваліфікацыі турніру ў амерыканскім Арланда. Беларуска ў першым крузе кваліфікацыі ўзяла верх над прадстаўніцай ЗША Джэсікай Лівяну (857 ВТА) – 6:3, 6:4.
Рафаэль Надаль і Эшлі Барці выйшлі у паўфінал „Australian Open”
Пятая ракетка свету Рафаэль Надаль выйшаў у паўфінал „Australian Open”. У чвэрцьфінальным паядынку іспанец перамог прадстаўніка Канады Дзяніса Шапавалава (14 АТП) з лікам 6:3, 6:4, 4:6, 3:6, 6:3.
Першая ракетка свету Эшлі Барці выйшла ў паўфінал „Australian Open”. У чвэрцьфінальным паядынку аўстралійка разграміла амерыканку Джэсіку Пегулу (21 ВТА) з лікам 6:2, 6:0.
„Вашынгтон” пацярпеў хатнюю паразу ад „Вегаса”
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Вашынгтон” пацярпеў хатнюю паразу ад „Вегаса” — 0:1. Беларускі форвард гаспадароў Аляксей Протас трапіў у папярэчыну на 24-й хвіліне пры ліку 0:0. Увогуле беларус правёў на пляцоўцы 5 хвілін 53 секунды, нанёс два кідкі і прымяніў адзін сілавы прыём. У гэтым сезоне ў актыве Аляксея 31 гульня ў НХЛ і 9 (3+6) балаў.
Крысціян Эрыксэн дамовіўся аб кантракце з „Брэнтфардам”
Паўабаронца Крысціян Эрыксэн дамовіўся аб кантракце з „Брэнтфардам”. Усе ўмовы пагаднення зацверджаны. Футбаліст пяройдзе ў „Брэнтфард” на правах свабоднага агента. Тэрмін дзеяння кантракта – да канца цяперашняга сезону з опцыяй падаўжэння на год. Аб трансферы датчаніна будзе аб’яўлена 26 студзеня. У чэрвені 2021 года Эрыксэн перанёс спыненне сэрца падчас матчу першага тура групавога этапа Чэмпіянату Еўропы. Пасля гэтага паўабаронцу ўсталявалі кардыявертар-дэфібрылятар. З таго часу ён ні разу не з’яўляўся на полі ў афіцыйных сустрэчах.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
