Аляксандр Паўлавец зменіць берасцейскае «Дынама» на «Ахмат»



Абаронца берасцейскага «Дынама» Аляксандр Паўлавец працягне кар’еру ў «Ахмаце».

Як стала вядома, грозненцы заключаць папярэднюю дамову з 23-гадовым беларусам. Гулец папоўніць каманду зімой. Аляксандр Паўлавец перайшоў у «Дынама» ў студзені 2019 г. з жодзінскага «Тарпеда»-БелАЗа. На яго рахунку 21 матч у сезоне-2020, 1 гол і 1 выніковая перадача.

Аднаўленне чэмпіянату Казахстана зноў адкладзена

Аднаўленне чэмпіянату Казахстана па футболе адкладзена. У краіне падоўжаны каранцін, звязаны з пандэміяй каронавіруса. Планавалася, што першынство Казахстана адновіцца 3 жніўня. Зборная Беларусі ў рамках Лігі нацый-2020/21 7 верасня павінна правесці выязны паядынак з камандай Казахстана.

Матч 14-га тура «Граніт» – «Крумкачы» перанесены

Сустрэча чэмпіянату Беларусі ў першай лізе ў рамках 14-га тура паміж мікашэвіцкім «Гранітам» і сталічнымі «Крумкачамі» перанесена з 15 на 19 жніўня. Матч на стадыёне «Палессе» ў Лунінцы пройдзе пазней у сувязі з тым, што «Крумкачы» 14 жніўня будуць гуляць у Кубку Беларусі з менскім «Дынама».

Чэмпіянат Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ стартаваў у Заслаўі

У Заслаўі стартаваў чэмпіянат Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ. У спаборніцтвах, якія завершацца 2 жніўня, чакаецца ўдзел лідараў нацыянальнай каманды. З-за эпідэміялагічнага становішча было прынята рашэнне праводзіць турнір без заўзятараў на трыбунах. Старты ў Заслаўі стануць для весляроў рэпетыцыяй да Алімпійскіх Гульняў у Токіа, якія праз год пройдуць з 23 ліпеня па 8 жніўня. У алімпійскай рэгаце ў Токіа будуць разыграны 16 камплектаў узнагарод.

«Аталанта» забіла 98 галоў у серыі « А» і паўтарыла дасягненне «Ювентуса» 68-гадовай даўніны

У матчы 37-га тура чэмпіянату Італіі «Аталанта» абыграла «Парму» (2:1). На рахунку каманды з Бергама 98 забітых мячоў у гэтым сезоне серыі «А«. «Аталанта« паўтарыла дасягненне «Ювентуса» ў сезоне-1951/52 (98 галоў). Пасля ніводная каманда не даходзіла да гэтай адзнакі. Рэкорд турніру пры ўдзеле 20 каманд належыць «Мілану», які забіў 118 галоў у сезоне 1949/50.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: dynamo-brest.by