У Аляксандры Герасімені – бронзавы медаль на ЧС



Паспяхова завяршыла заплыў у фінале Чэмпіяната свету па плаванні на дыстанцыі 50 м на спіне лідарка жаночага плавання Беларусі Аляксандра Герасіменя. Да фінішу яна прыйшла трэцяй з вынікам 27,23 (рэкорд Беларусі) – а гэта значыць, беларуская спартоўка заваявала бронзавы медаль. Да таго ж, Герасіменя паўтарыла лепшы вынік Еўропы на гэтай дыстанцыі.

***

Аляксандра Герасіменя выйшла ў фінал ЧС па плаванні ў Будапешце (Венгрыя) на сваёй кароннай дыстанцыі – 50 м на спіне.

Аляксандра Герасіменя ў паўфінале пераадолела каронную дыстанцыю за 27,54 сек. Гэта трэцяе месца ў заплыве і сёмае па выніках двух паўфіналаў. Лепшы рэзультат паўфіналаў паказалі бразільская спартсменка, чэмпіёнка свету-2014 Эцьен Медэйраш – 27,18 сек, Яньхуі Фу з Кітая – 27,19 сек і прадстаўніца ЗША Кэтлін Бэйкер – 27,48 сек. За ўзнагароды спартсменкі пазмагаюцца 27 ліпеня.

Беларус Ілья Шымановіч у фінальным заплыве на дыстанцыі 50 м брасам аказаўся восьмым з рэзультатам 27,27 сек. Залатую ўзнагароду заваяваў брытанец Адам Піці, пераадолеўшы дыстанцыю за 25,99 сек. Другое месца дасталася Джааа Гомесу Джуніёру з Бразіліі, які фінішаваў з часам 26,52 сек. На трэцюю прыступку п’едэстала падняўся Камеран ван дэр Бург з рэзультатам 26,60 сек (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка). Чэмпіянат свету па водных відах спорту завершыцца ў Будапешце 30 ліпеня.

belta.by