Аляксандра Сасновіч прайграла ў 1/32 фіналу турніру ў Цынцынаці



Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (90-ы нумар сусветнага рэйтынгу) прайграла на старце адзіночнага разраду турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Цынцынаці. У 1/32 фіналу беларуска сустракалася з брытанскай тэнісісткай Хізэр Уотсан (67) і саступіла ў трохсэтавым паядынку – 2:6, 6:3, 1:6. Яшчэ адна беларуска Вікторыя Азаранка (15) у 1/32 фіналу згуляе з расейкай Людмілай Самсонавай (52). Трэцяя ракетка свету беларуска Арына Сабаленка стартуе з 1/16 фіналу, дзе яе саперніцай будзе іспанская тэнісістка Паўла Бадоса Хіберт (31).

Улады дазволілі правесці Гран-пры Сан-Паўлу пры поўных трыбунах

Улады бразільскага Сан-Паўлу дазволілі правесці намечаны на лістапад этап чэмпіянату свету па аўтагонках у класе машын „Формула-1” пры поўных трыбунах, паведаміў губернатар аднайменнага штата Жаау Дарыяна. Усім гледачам загадана нашэнне медыцынскіх масак і вымярэнне тэмпературы цела. Раней „Формула-1” дамовілася аб пераносе Гран-пры ў Рыа-дэ-Жанейра. Аднак пазней было абвешчана, што да 2025 года аўтагонкі працягнуць праводзіць на аўтадроме „Інтерлагас” у Сан-Паўлу, разлічаным на 70 тысяч чалавек.

Ціраспаль, Зальцбург і Манака прымуць матчы за выхад у групу Лігі чэмпіёнаў

17 жніўня адбудзецца стартавыя сустрэчы накаўт-раўнда за выхад у групавы этап Лігі чэмпіёнаў. Чэмпіёны Малдовы футбалісты „Шэрыфа” прымуць у Ціраспалі харвацкае „Дынама” з Заграба. Віцэ-чэмпіён Украіны данецкі „Шахцёр” згуляе ў гасцях у „Манака”. Аўстрыйскі „Зальцбург” згуляе з дацкім „Брондбю”. Яшчэ тры паядынкі плэй-оф пройдуць заўтра. Балгарскі „Лудагорац” сустрэнецца на выездзе са шведскім „Мальмё”. У Лісабоне „Бенфіка” прыме ПСВ з Эйндховена, а швейцарскі „Янг Бойз” будзе сапернічаць з венгерскім „Ференцварашам”.

«Рома» купіла Абрахама у «Чэлсі» за 40 млн еўра

«Рома» абвясціла аб пераходзе нападніка «Чэлсі» Тэмі Абрахама. Рымскі клуб паведаміў, што за 23-гадовага гульца было заплачана 40 млн еўра. Акрамя таго, «Чэлсі» можа атрымаць бонусы ў залежнасці ад выступаў ангельца. Раней паведамлялася, што ў «сініх» таксама будзе права зваротнага выкупу за 80 млн еўра. Кантракт футбаліста з «Ромай» разлічаны на 5 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя