Аляксей Бага прызначаны выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера БАТЭ



Выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера барысаўскага футбольнага клуба БАТЭ 4 чэрвеня прызначаны Аляксей Бага. У трэнерскі штаб таксама ўвойдзе Дзмітрый Молаш, паведамляе прэс-служба каманды.

Адзначаецца, што клуб разглядае розныя кандыдатуры на астатнія трэнерскія пазіцыі. Бага і Молаш у мінулым былі гульцамі БАТЭ і выступалі за клуб многія гады.

3 чэрвеня БАТЭ звольніў 52-гадовага галоўнага трэнера Алега Дулуба. Гэта рашэнне было прынята ў сувязі „з адмоўнымі вынікамі БАТЭ ў апошніх матчах, а менавіта паражэннем у фінале Кубка Беларусі, стратай ачкоў у гульнях з „Іслаччу” і „Гарадзеяй”, а таксама з-за занепакоенасці за стан каманды напярэдадні еўракубкаў”. Сам Дулуб заявіў, што „з разуменнем” паставіўся да рашэння кіраўніцтва. Ён узначаліў барысаўскую каманду 5 студзеня 2018 года і стаў першым галоўным трэнерам не са структуры клуба ў яго найноўшай гісторыі.

Пад кіраўніцтвам Дулуба БАТЭ прайграў матчы за Суперкубак і Кубак Беларусі (у абодвух сапернікам было брэсцкае „Дынама”), затым выйграў восем з васьмі сустрэч чэмпіянату, але потым згуляў унічыю з „Іслаччу” і прайграў „Гарадзеі”, якая на апошнім месцы ў турнірнай табліцы. Барысаўчане пасля 10 тураў займаюць першае месца ў табліцы, апярэджваючы найбліжэйшага пераследніка (менскае „Дынама”) на два ачкі.

belapan.by