Аляксей Гаўрыловіч пакінуў „Нёман”



Кантракт паміж „Нёманам” і Аляксеем Гаўрыловічам, які быў падпісаны да канца гэтага сезона, скасаваны па пагадненні бакоў. Пра гэта паведамляе сайт клуба. За такі непрацяглы час абаронца паспеў правесці за каманду ўсяго сем афіцыйных матчаў – два матчы ў Кубку Беларусі і пяць матчаў чэмпіянату краіны. Ва ўсіх пяці сустрэчах абаронца выходзіў у стартавым складзе, аднак двойчы да канца матча не дагуляў і абодва разы з-за выдаленняў.

 

Мужчынская зборная Беларусі выйграла Кубак Менску па баскетболе 3х3

Мужчынская зборная Беларусі стала ўладальнікам Кубка Менску па баскетболе 3х3. У фінале беларуская каманда, за якую выступалі Сяргей Вабішчэвіч, Андрэй Рагазенка, Максім Лютыч і Цімафей Паралёў, абыграла адну з наймацнейшых расейскіх каманд „Тры зорачкі” з Самары з вынікам 21:17. Абодва фіналісты на шляху да галоўнага матчу ні разу не прайгралі.

 

Валейбалісты зборнай Беларусі адолелі партугальцаў у матчы залатой Еўралігі

Валейбалісты зборнай Беларусі адолелі партугальцаў у матчы залатой Еўралігі з лікам 3:2 (25:22, 25:20, 23:25, 16:25, 15:10). Самымі выніковымі гульцамі ў складзе зборнай Беларусі сталі Максім Багатка (18 ачкоў) і Уладзіслаў Давыскіба (17). У супернікаў Дзініш Алвеш зарабіў 13 ачкоў. У турнірнай табліцы групы С па выніках першага тура залатой Еўралігі першае месца ў Турцыі – 3 перамогі і 9 ачкоў, другое ў зборнай Беларусі – 2 перамогі і 5 ачкоў.

 

За 13 дзён да старту Аргенціну пазбавілі права правядзення Кубка Амерыкі-2021

Кубак Амерыкі па футболе ў 2021 годзе можа не адбыцца. Аргенціна, якая стала паўнавартасным гаспадаром турніру пасля таго, як права яго правядзення пазбавілася Калумбія, таксама засталася без правядзення Кубка Амерыкі за 13 дзён да старту. Гэта, верагодна, звязана з каронавірусам, піша твітэр КОНМЕБОЛ. Канфедэрацыя паўднёва-амерыканскага футбола збярэцца ў панядзелак, каб прыняць рашэнне пра наступныя крокі з нагоды турніру, які не адбыўся ў 2020 годзе таксама з-за пандэміі.

 

Арына Сабаленка ў новым рэйтынгу ВТА захавала чацвёрты радок

Жаночая тэнісная асацыяцыя 31 траўня апублікавала новы рэйтынг. Першы радок па-ранейшаму займае аўстралійка Эшлі Барці. Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка застаецца на чацвёртай пазіцыі, а Вікторыя Азаранка – 16-й.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя