Аляксей Кішоў увайшоў у сімвалічную зборную чэмпіянату Аўстрыі



Брамнік зборнай Беларусі і „Шваца” Аляксей Кішоў увайшоў у сімвалічную зборную найлепшых гульцоў чэмпіянату Аўстрыі.

Галкіпер перабраўся ў „Швац” летам мінулага года з менскага СКА. Таксама па выніках сезону названы лепшыя гандбалісты Аўстрыі. У мужчын гульцом года стаў 20-гадовы Лукас Хуцечак з „Файверса”. У жанчын тытул дастаўся 19-гадовай прадстаўніцы „Ацгерсдорфа” Ёхане Райхерт.

Хакеісты менскага „Дынама” згуляюць у „фінале чатырох” Кубка Салея

Хакеісты менскага „Дынама” згуляюць у „фінале чатырох” Кубка Салея ў якасці уладальнікаў трафея. У маючых адбыцца спаборніцтвах прымуць удзел 12 каманд, якія прадстаўляюць экстралігу. На першай стадыі яны будуць падзеленыя на дзве групы па шэсць каманд і згуляюць аднакругавы міні-турнір па прынцыпе кожны з кожным.

Ілля Івашка не змог прабіцца ў другі круг турніру ў Штутгарце

Беларус Ілля Івашка (90 АТП) не змог прабіцца ў другі круг турніру АТП 250 у Штутгарце. У стартавым раўндзе ён саступіў немцу Піцеру Гаёўчыку (101) – 7:5, 4:6, 2:6. У матчы другога раунда на турніры ВТА ў Харватыі беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова (N 138 ВТА) пацярпела паразу ад італьянкі Язміне Пааліні (91) – 1:6, 6:4, 3:6.

Марыя Сакары перайграла Ігу Швёнтак і выйшла ў паўфінал „Ралан Гарос”

Грачанка Марыя Сакары (18 ВТА) выйшла ў паўфінал „Ралан Гарос”. У матчы 1/4 фіналу яна перамагла дзявятую ракетку свету з Польшчы Ігу Швёнтак – 6:4, 6:4. За выхад у фінал Сакары пазмагаецца з чэшкай Барбарай Крэйчыкавай (33), якая ў матчы 1/4 фіналу абыграла 17-гадовую амерыканку Коры Гауф (25) – 7:6, 6:3. Крэйчыкава ўпершыню ў кар’еры выйшла ў паўфінал Мейджара ў адзіночным разрадзе.

Філіпа Індзагі стаў галоўным трэнерам „Брэшыа”

Філіпа Індзагі, які раней абвясціў пра сыход з „Беневента”, стаў новым трэнерам „Брэшыа”. Каманда выйшла ў Серыю А па выніках сезона 2018/19, аднак праз год вылецела. У мінулым сезоне яна стала сёмай ў другой лізе чэмпіянату Італіі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by