Аляксей Нічыпар выйграў турнір па штурханні ядра



У сваёй лепшай спробе Аляксей адправіў ядро на адзнаку ў 20 метраў 42 сантыметры. Другі радок выніковага пратаколу заняў Алег Тамашэвіч з вынікам 19 метраў 62 сантыметры. Замкнуў тройку лідараў Дзмітрый Карпук – 18 метраў 75 сантыметраў. Сярод дзяўчат лепшы вынік паказала Алёна Дубіцкая — 19 метраў 19 сантыметраў. На другой пазіцыі размясцілася Алена Пасечнік, якая кінула ядро роўна на метр бліжэй. Алена Абрамчук стала трэцяй – 16 метраў 49 сантыметраў. Спаборніцтвы прайшлі каля сталічнага Палаца спорту, іх мэта – папулярызацыя лёгкай атлетыкі. Усяго выступалі 19 спартоўцаў: 9 дзяўчат і 10 хлопцаў. Мерапрыемства прайшло ў фармаце гарадскога шоу. Акрамя захапляльнай барацьбы ў сектары для гледачоў былі арганізаваны конкурсы. Пасля цырымоніі ўзнагароджання адбыліся фаер-шоу і салют.

„Менск” выйграў золата чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве

Спартоўкі „Менска” выйгралі залатыя медалі на чэмпіянаце Беларусі па хакеі на траве. У чацвёртым матчы фінальнай серыі да трох перамог хакеісткі „Менска” абыгралі гарадзенскі „Рытм” 4:2. Такім чынам, лік у серыі стаў 3:1 на карысць падначаленых Мікалая Санкаўца. У адрозненне ад трэцяга матчу серыі, які завяршыўся булітамі, на гэты раз менчанкі з самага пачатку ўзялі ініцыятыву ў свае рукі і заслужана святкавалі поспех. У шэрагах сталічнай дружыны вызначыліся Вольга Куроўская, Наталля Штын, Анастасія Сыс і Юлія Юбко. У гаспадынь адзначыліся Юлія Курганская і Вольга Хамко. Напярэдадні смалявіцкая „Вікторыя” пераможна завяршыла трохматчавую серыю за бронзу, пакінуўшы на чацвёртай пазіцыі баранавіцкі „Тэкстыльшчык-БарДУ”.

Наперадзе ў каманд розыгрыш Кубка Беларусі, які пройдзе з 3 па 5 жніўня ў Баранавічах на стадыёне „Дубова-спорт”.

„Інтэр” перамог „Напалі” у матчы чэмпіянату Італіі па футболе

Футбалісты „Інтэра” абыгралі „Напалі” у хатнім матчы 37-га тура чэмпіянату Італіі. Сустрэча завяршылася з лікам 2:0. Галамі ў складзе пераможцаў адзначыліся Даніла Д’Амброзіа на 11-й хвіліне і Лаутары Марцінес на 74-й. „Інтэр” займае другое месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Італіі, набраўшы 79 ачкоў у 37 матчах, раней міланская каманда гарантавала сабе ўдзел у Лізе чэмпіёнаў сезона-2020/21. „Напалі” ідзе сёмым, маючы ў актыве 59 ачкоў пасля 37 сустрэч. Перамог у чэмпіянаце Італіі датэрмінова турынскі „Ювентус”.

У іншай гульні дня „Аталанта” на выездзе перамагла „Парму”, падоўжыўшы серыю без паразаў да 17 матчаў. Сустрэча завяршылася з лікам 2:1.

„Тур дэ Франс” адбудзецца летам наступнага года

Міжнародны саюз веласіпедыстаў (UCI) паведаміў аб змене тэрмінаў правядзення прэстыжнай шашэйнай шматдзённай гонкі „Тур дэ Франс” ў 2021 годзе. Першапачаткова „Тур дэ Франс” быў запланаваны з 2 па 25 ліпеня, але ў сувязі з правядзеннем алімпійскіх спаборніцтваў па веласпорце на шашы (24, 25 і 28 ліпеня) вырашана перанесці тэрміны правядзення велашматдзёнкі на больш раннія тэрміны. Такім чынам велагонка „Тур дэ Франс” адбудзецца з 26 чэрвеня па 18 ліпеня. „Тур дэ Франс” праводзіцца з 1903 года і з’яўляецца адной з самых прэстыжных велашматдзёнак.

Беларускае Радыё Рацыя