Анастасія Мірончык-Іванова перамагла на Кубку Беларусі



Беларуска Анастасія Мірончык-Іванова перамагла ў скачках у даўжыню на Кубку Беларусі па лёгкай атлетыцы ў Берасці. Спартоўка ў лепшай спробе „паляцела” на 6 метраў 93 сантыметры, паказаўшы лепшы вынік сезона ў свеце. Гэтая спроба дазволіла б Мірончык-Івановай выступіць на Алімпіядзе ў Токіо – кваліфікацыйны нарматыў на Гульні складае 6,82 м. Аднак у сувязі з пандэміяй каронавіруса кваліфікацыйны перыяд быў прыпынены да снежня, а таму гэтая спроба беларускі не будзе залічаная ў якасці выканання алімпійскага нарматыву.

Анастасія Шкурдай перапісала нацыянальны рэкорд на 100 м на спіне

Плыўчыха Анастасія Шкурдай пабіла свой рэкорд на дыстанцыі 100 м на спіне ў чацвёрты дзень Кубка і першынства Беларусі па плаванні, якія праходзяць у Берасці. Анастасія на дыстанцыі 100 м на спіне перапісала свой леташні рэкорд і паднялася на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару – 59,08 секунды. Папярэдні рэкорд складаў 1 хвіліну 0,59 секунды.

Кубак і першынства Беларусі па плаванні сабралі 340 спартоўцаў. У спаборніцтвах удзельнічаюць таксама лідары нацыянальнай каманды Беларусі. Плыўцы спаборнічаюць у 50-метровым басейне.

Футбалісты „Слуцка” перамаглі „Іслач” у 18-м туры чэмпіянату Беларусі

У футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі  праходзяць стартавыя паядынкі 18-га тура. У першым з іх футбалісты „Слуцка” прымалі на сваім полі гасцей з „Іслачы” і выйгралі з лікам 2:1.

Футбалісты „Гарадзеі” у гульні на хатняй арэне з аўтсайдарам цяперашняга першынства бабруйскай „Белшынай” перамаглі 2:1 – усе галы былі забітыя ў кампенсаваны час.  Яшчэ два паядынкі адбудуцца сёння: „Віцебск” будзе прымаць „Смалявічы”, а берасцейскі „Рух”  пазмагаецца з барысаўскім БАТЭ.

БФФ правяла тлумачальную гутарку з футбалістамі „Мінска”, якія прасілі праверыць пол суперніцы

Беларуская федэрацыя футбола правяла тлумачальную гутарку з футбалісткамі „Мінска”, якія прасілі праверыць пол гульца сталічнага „Дынама” Саліматы Сімпорэ. У Доме Футбола адбылося пасяджэнне кантрольна-дысцыплінарнага камітэта па этычных пытаннях з удзелам аўтараў ліста звароту ў дачыненні да гендэрнай прыналежнасці прадстаўніцы ФК „Дынама-БДУФК” (Менск), якое паслужыла падставай для публікацыі на спартовым партале tut.by і выклікала шырокі рэзананс у СМІ. У рамках пасяджэння была праведзена тлумачальная размова з футбалісткамі „Мінска” пра важнасць захавання прынцыпаў FAIR PLAY і Палажэння па этычных пытаннях федэрацыі. Камітэт таксама звярнуў увагу, што для ўдзелу ў жаночых спаборніцтвах ФК „Дынама-БДУФК” (Менск) падаў усе неабходныя дакументы.

Чэмпіён свету па футболе завяршыў кар’еру ў 29 гадоў

Чэмпіён свету па футболе 2014 года Андрэас Шурле абвясціў аб завяршэнні кар’еры ва ўзросце 29 гадоў. Апошнім клубам Андрэаса  стаў маскоўскі «Спартак», за які ён выступаў на правах арэнды. Таксама ён абараняў колеры «Чэлсі», «Майнца», «Фулхэма», дортмундскай «Барусіі», «Вольфсбурга» і «Баера». У зборнай Нямеччыны акрамя золата чэмпіянату свету ён двойчы заваёўваў бронзу Еўра. У апошнія гады ўзровень гульні Шурле ўпаў, з-за чаго ён перастаў атрымліваць прапановы ад топ-клубаў.

Гарадзенскі „Рытм” і „Мінск” сталі фіналістамі чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве сярод жанчын

Гульцы гарадзенскага „Рытма” і хакейнага клуба „Мінск” аспрэчаць золата чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве. Такі вынік паўфінальных паядынкаў турніру. Мінчанкі не мелі праблем у другім паядынку паўфінальнай серыі супраць баранавіцкага „Тэкстыльшчыка-БарДУ”, перамогшы суперніц з лікам 4:1. Першая сустрэча каманд у Менску завяршылася вікторыяй сталічных хакеістак з лікам 10:0.

Куды больш драматычнай атрымалася гульня ў Смалявічах, дзе мясцовая „Вікторыя” на апошніх хвілінах сустрэчы выйшла наперад, але ў выніку саступіла гарадзенскаму „Рытму” – 3:4. Паядынак у Гародні завяршыўся перамогай „Рытма” – 5:4. Фінальны раўнд спаборніцтваў будзе доўжыцца да трох вікторый адной з дружын. Першыя матчы пройдуць 23-24 ліпеня.

Яўген Каралёк перамог у групавой гонцы на этапе Кубка Беларусі па веласпорце на шашы

Яўген Каралёк выйграў групавую гонку на этапе Кубка Беларусі па веласпорце на шашы, які праводзіцца ў рамках адкрытага чэмпіянату Гарадзенскай вобласці. Спартовец з Гародні апярэдзіў апанентаў на 105-м кіламетры дыстанцыі. Другое месца ў гэтым відзе праграмы заняў Васіль Строкаў, які выступае за дружыну Менскай вобласці. Замкнуў тройку наймацнейшых гоншчык Станіслаў Бажкоў, які прадстаўляе Віцебскую вобласць.  У жанчын перамагла ў групавой гонцы Таццяна Шаракова.  Спартоўка з каманды Віцебскай вобласці хутчэй за суперніц пераадолела дыстанцыю ў 70 км. Этап Кубка Беларусі ў рамках адкрытага чэмпіянату Гарадзенскай вобласці сёння завершыцца ў абласным цэнтры. У праграме заключнага дня спаборніцтваў – гонкі-крытэрыум. Мужчынам трэба будзе пераадолець 30 км, жанчыны праедуць дыстанцыю на 5 км карацей.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

 

[manual_related_posts]