Анастасія Шкурдай абнавіла свой рэкорд на 100 метраў батэрфляем



17-гадовая Анастасія Шкурдай абнавіла свой рэкорд на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем.

Адбылося гэта ў Берасці на спаборніцтвах Кубка і першынства Беларусі. Шкурдай праплыла стометроўку за 56,95 секунды. Яе папярэдні рэкорд складаў 57,39 секунды. Днямі спартоўка двойчы абнавіла юнацкі рэкорд на тых жа спаборніцтвах. Анастасія Шкурдай ужо заваявала алімпійскую ліцэнзію і возьме ўдзел у Алімпіядзе ў Токіа, якую перанеслі на лета 2021 года.

Вызначаны пераможцы першага дня Кубка Беларусі па лёгкай атлетыцы

Таксама ў Берасці вызначаны пераможцы першага дня адкрытага Кубка Беларусі па лёгкай атлетыцы. У бегу на 3000 м з перашкодамі перамог Вячаслаў Бедны. Вікторыю ў аналагічнай дысцыпліне ў дзяўчат святкавала Таццяна Шабанава. Сяргей Краўчэня і Карына Радзеюк выйгралі забегі на 5000 м. Першымі ў забегах на 1500 м сталі Ілля Карнавухаў і Вольга Немагай. Стомятроўкі выйгралі Юрый Забалотны і Крысціна Ціманоўская. Віталь Параханько першым пераадолеў фінішную рысу на дыстанцыі 110 м з бар’ерамі – 13,69 сек. У дзяўчат на 100 м у аналагічнай дысцыпліне мацнейшай апынулася Эльвіра Герман (12,80 секунды). Аляксандр Васілеўскі выйграў узнагароду вышэйшай пробы ў забегу на 400 м (46,67 сек.). Аліна Лучшава першай перасекла фінішную рысу ў гэтым відзе праграмы з вынікам 52,68 сек.

У кіданні дзіды роўных не было Таццяне Халадовіч – 64,33 м. У хлопцаў вызначыўся Аляксей Каткавец, які паказаў вынік 79,67 м. Ганна Малышчык і Павел Барэйша сталі лепшымі ў кіданні молата – 73 м і 76,06 м адпаведна. Андрэй Чурыла паказаў лепшы вынік у скачку ў вышыню – 2,2 м. Ганна Гарадская таксама вызначылася ў дадзенай дысцыпліне – 1,83 м. У трайным скачку на вышэйшую прыступку пʼедэстала гонару падняліся Віялета Скварцова (14,17 м) і Максім Несцярэнка (15,99 м).

Эстафету 4х100 м у дзяўчат выйграла каманда Берасцейскай вобласці – 46,21 сек. У хлопцаў у аналагічнай дысцыпліне перамагла зборная Менска – 41,92 сек.

Беларускія спартоўцы разлічваюць заваяваць 4 алімпійскія ліцэнзіі ў спаборніцтвах па скачках у ваду

Нацыянальная каманда па скачках у ваду разлічвае заваяваць чатыры алімпійскія ліцэнзіі на Гульні ў Токіа. Аб гэтым паведаміў галоўны трэнер дружыны Уладзімір Ткачоў. «У склад нацыянальнай каманды ўваходзяць Алёна Хамулькіна, Мікіта Ткачоў, Арцём Бароўскі і Юры Наўразаў. Лічу, што ім па сілах заваяваць чатыры ліцэнзіі, якія будуць разыграны па выніках лютаўскага Кубка свету ў Токіа, які пройдзе ў алімпійскім басейне», – сказаў Уладзімір Ткачоў.

Першым этапам адбору для скакуноў стаў чэмпіянат свету ў Кванджу ў 2019 годзе, дзе было разыграна 12 квот у індывідуальных спаборніцтвах і па 3 ліцэнзіі ў сінхронных скачках. Беларусы ў Рэспубліцы Карэя выступілі няўдала, застаўшыся без пропускаў на галоўныя старты чатырохгоддзя.

Малады хакеіст зборнай Беларусі вярнуўся з ЗША ў менскае «Дынама»

Хакейны клуб «Дынама-Менск» дасягнуў дамоўленасці аб падпісанні кантракта з 22-гадовым Ягорам Шаранговічам, які выступаў раней у Амерыканскай хакейнай лізе за «Бінгэмтан». Форвард ужо вярнуўся з-за акіяна і ў бліжэйшы час увальецца ў шэрагі «зуброў». У сезоне-2017/18 Ягор прадстаўляў менскае «Дынама» ў КХЛ. Тады ў 47 паядынках ён набраў 12 (4 + 8) балаў, чым заслужыў выбар на драфце НХЛ 2018. «Нью-Джэрсі» абраў беларуса ў 5-м раўндзе пад агульным 141-м нумарам. Таксама з «зубрамі» праглядальны кантракт падпісаў расейскі форвард Раман Гарбуноў 1996 года нараджэння. Ён ужо знаёмы з беларускім хакеем, бо ў сезоне 2018/19 гуляў у салігорскім «Шахцёры».

У складзе «гарнякоў» расеец набраў 39 (17 + 22) ачкоў у 55 матчах экстралігі.

Беларускія валейбалісткі прымуць удзел у маладзёжным ЧЕ-2020

Беларускія валейбалісткі прымуць удзел у маладзёжным чэмпіянаце Еўропы-2020, даты і месца правядзення якога зацвердзіла Еўрапейская канфедэрацыя валейбола (ЕКВ). Усяго ў фінальным раўндзе чэмпіянату Еўропы сярод спартовак, якія не дасягнулі 19-гадовага ўзросту, возьмуць удзел прадстаўніцы 12 краін кантынента. Турнір з 22 па 30 жніўня пройдзе ў харвацкім Осіеке і баснійскай Зеніцэ. Акрамя падначаленых Вольгі Пальчэўскай спрэчку за медалі спаборніцтваў і дзве пуцёўкі на чэмпіянат свету-2021 (U-20) павядуць дружыны Расеі, Італіі, Турцыі, Сербіі, Нямеччыны, Славакіі, Балгарыі, Францыі, Польшчы, Босніі і Герцагавіны і Харватыі.

«Рэал» стаў чэмпіёнам Іспаніі

Мадрыдскі «Рэал» у 37-м туры Прымеры абыграў «Вільярэал» з лікам 3:1 і заваяваў тытул чэмпіёна Іспаніі. «Рэал» стаў чэмпіёнам у 34-ы раз у гісторыі. Апошні раз мадрыдцы выйгравалі турнір у сезоне-2016/2017. Чэмпіён мінулага сезону – «Барселона» – заняў другое месца ў турнірнай табліцы Прымеры, у паралельным матчы прайграўшы «Асасуне» 1:2. «Сметанковыя» набралі 86 ачкоў і перад апошнім турам апярэджваюць «Барселону» на 7 ачкоў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by

[manual_related_posts]