Андрэй Башко стаў новым спартовым дырэктарам ФХБ



Андрэй Башко стаў новым спартовым дырэктарам Федэрацыі хакея Беларусі. Будучы гульцом, спецыяліст прадстаўляў Беларусь на міжнароднай арэне ў складзе юніёрскай, моладзевай і нацыянальнай зборных. Раней Башко працаваў у спартовым менеджменце. На II Еўрапейскіх гульнях, якія прайшлі ў 2019 года ў Менску, ён быў мэнэджэрам па кіраванні спартовымі аб’ектамі.

Аляксей Протас – другі бамбардзір КХЛ сярод гульцоў да 20 гадоў

Нападнік менскага „Дынама” Аляксей Протас займае другое месца ў гэтым сезоне КХЛ сярод гульцоў да 20 гадоў. 19-гадовы праспект „Вашынгтона” набраў 9 (6+3) ачкоў у 27 матчах. Таксама 9 ачкоў у актыве ў абаронцы „Салавата Юлаева” Шакіра Мухамадуліна, але ў яго менш галоў. Лідыруе з 15 ачкамі нападнік „Авангарда” Ягор Чынахоў.

Вызначаны даты перанесеных матчаў зборнай Беларусі з камандамі Італіі і Латвіі

Сталі вядомыя новыя даты правядзення кваліфікацыйных матчаў мужчынскага чэмпіянату Еўропы-2022 па гандболе, якія першапачаткова павінны былі прайсці ў пачатку лістапада гэтага года. Гульня Беларусь – Італія пройдзе 10 сакавіка 2021 года ў менскім Палацы спорту „Уручча”. Выязной матч Латвія – Беларусь запланаваны на 13 ці 14 сакавіка 2021, – паведамляе сайт БФГ.

Два першыя этапы Кубка свету пройдуць без гледачоў

Першы і другі этапы Кубка свету-2020/21 па біятлоне пройдуць без гледачоў. Такое рашэнне абумоўлена пагрозай распаўсюджвання каронавіруса. Абодва этапы прыме фінскі Кантыялахці. Рашэнне не пускаць заўзятараў на трыбуны і ўздоўж трасы прынята на падставе рэкамендацый рэгіянальнага аб’яднанага муніцыпальнага кіравання сацыяльных і медыцынскіх службаў Паўночнай Карэліі, – перадае твітэр IBU. Першы этап КС стартуе двума індывідуальнымі гонкамі і працягнецца двума спрынтамі. Другі этап пройдзе з 3 па 6 снежня.

Названа месца правядзення ЧЕ-2022 па індор-хакеі

Еўрапейская федэрацыя хакея на траве (EHF) назвала горад, які ў 2022 годзе прыме чэмпіянаты Еўропы па індор-хакеі. Упершыню месцам турніру ў вышэйшым дывізіёне стане нямецкі Гамбург. Старт сярод мужчын, у якім упершыню прыме ўдзел нацыянальная каманда Беларусі, вызначаны на 13-16 студзеня 2022 года. Супернікамі беларусаў стануць зборныя Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, Нідэрландаў, Расеі, Чэхіі, Швейцарыі. Чэмпіянат сярод жаночых каманд пройдзе 12-15 студзеня 2022 года. Беларускія спартоўкі паспрачаюцца за перамогу з саперніцамі з Аўстрыі, Германіі, Нідэрландаў, Расеі, Турцыі, Украіны і Чэхіі. На ЧЕ па індор-хакеі сярод жаночых каманд беларускі перамаглі ў 2020 годзе.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя