Андрэй Скабелка прызнаны лепшым трэнерам Беларусі



Па заканчэнні хакейнага сезона-2019/20 „Прессбол” правёў традыцыйнае, ужо 17-е, апытанне па вызначэнні лепшага трэнера Беларусі. Сёлета ў ім прынялі ўдзел 95 спартовых журналістаў, якія называлі свае версіі троек найбольш годных кандыдатаў у парадку змяншэння іх значнасці.

Пераможцам стаў цяпер галоўны трэнер яраслаўскага „Лакаматыва” Андрэй Скабелка. У КХЛ ён другі год запар прывёў „Барыс” да першынства ў дывізіёне Аркадзя Чарнышова па выніках рэгулярнага чэмпіянату, а ў плэй-оф зноў дасягнуў стадыі чвэрцьфіналу. Але калі ў мінулым годзе „Барыс” саступіў у серыі „Авангарду”, то ў гэты раз  павінен быў пазмагацца з „Сібір’ю”. Аднак па вядомых прычынах цяпер ужо дзве былыя каманды Скабелкі так і не сустрэліся ў Кубку Гагарына. Для 49-гадовага спецыяліста гэта ўжо трэцяя перамога ў галасаванні за апошнія пяць гадоў. Ён прызнаваўся лепшым таксама ў 2016 і 2019 гадах. Па колькасці тытулаў Скабелка дагнаў Міхаіла Захарава і Глена Хэнлана.

ВРЗ абыграў „Вітэн”, зраўняўшы лік у фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Гомельскі ВРЗ перамог аршанскі „Вітэн” з лікам 2:1 і аднавіў раўнавагу ў фінальнай серыі за золата чэмпіянату Беларусі па міні футболе – 1:1.

Сустрэча на паркеце гомельскага Палаца гульнявых відаў спорту атрымалася вельмі ўпартай. Лік быў адкрыты за хвіліну да заканчэння першай паловы, калі гасцей вывеў наперад Юрый Рабыка. Героем другога тайма стаў Яўген Клачко – на 31-й хвіліне гульні ён аднавіў парытэт, а за 40 секунд да фінальнай сірэны эфектным ударам прынёс перамогу ВРЗ – 2:1. Трэці паядынак серыі за чэмпіёнскі тытул адбудзецца 14 чэрвеня на паркеце аршанскага спорткомплексу „Алімпіец», а 18 чэрвеня супернікі зноў сустрэнуцца ў Гомелі.

Зборная Беларусі засталася на 87-м месцы рэйтынгу ФІФА

Зборная Беларусі займае 87-е месца ў апублікаваным чарговым рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА). У параўнанні з мінулым спісам, апублікаваным 10 красавіка, становішча каманды Міхаіла Мархеля не змянілася, за мінулыя два месяцы беларусы не правялі ніводнага матчу і маюць 1283 ачкі.

Топ-5 чэрвеньскага рэйтынгу ФІФА:

  1. Бельгія,
  2. Францыя,
  3. Бразілія,
  4. Англія,
  5. Уругвай

Украінскі абаронца Андрэй Бацула стаў гульцом менскага „Дынама”

28-гадовы ўкраінскі абаронца бельгійскага клуба „Кортрэйк” Андрэй Бацула будзе выступаць за менскае „Дынама” на правах арэнды. Адпаведнае пагадненне паміж клубамі заключана тэрмінам на адзін год, паведамляе афіцыйны сайт „бела-блакітных”. Бацула нарадзіўся ва ўкраінскім горадзе Крэменчуг. З’яўляецца выхаванцам мясцовай школы футбола. У 2009 годзе стаў футбалістам палтаўскай „Ворсклы”, аднак за асноўны склад „зялёна-белых” не згуляў ніводнага матча. На правах арэнды выступаў за родны клуб „Крэмень” да лета 2014 га года, пасля чаго перайшоў у кіраваградскую „Зорку”, у складзе якой выступаў да лета 2017-га года. У складзе гэтага клуба правёў 87 матчаў, у якіх набраў 23 балы (9 галоў + 14 перадач). У складзе „чырвона-жоўтых” выступаў разам з Дзмітрыем Біланогам. У ліпені 2017-га года стаў футбалістам „Александрыі”, дзе выступаў на працягу аднаго сезону і правёў 32 матчы, забіў гол і аддаў 2 выніковыя перадачы. Гуляў  плэй-оф Лігі Еўропы супраць барысаўскага БАТЭ. У жніўні 2018 перайшоў у „Кортрэйк”, дзе выступаў да гэтага часу. У складзе бельгійцаў адыграў 29 матчаў, забіў гол і аддаў  2 выніковыя перадачы.

Даходы клубаў АПЛ упадуць на мільярд фунтаў з-за пандэміі каронавіруса

Клубы англійскай прэм’ер-лігі церпяць сур’ёзныя страты з-за пандэміі каранавіруса, паведамляе BBC. Кансалтынгавая кампанія Deloitte прыйшла да высновы, што прыбыткі ўсіх 20 каманд АПЛ знізяцца на 1 мільярд фунтаў па выніках сезона-2019/20. У мінулым сезоне сумарны даход клубаў прэм’ер-лігі ўпершыню перавысіў 5 мільярдаў фунтаў. На скарачэнне даходаў паўплывае працяглая паўза ў лізе, а таксама тое, што ўсе астатнія матчы чэмпіянату давядзецца правесці без заўзятараў на трыбунах.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: khl.ru