Андрэй Стась далучыцца да кэмпа нацыянальнай зборнай Беларусі



Нападнік омскага „Авангарда” Андрэй Стась сёння далучыцца да зборнай Беларусі, якая праводзіць трэніровачны збор у рамках падрыхтоўкі да алімпійскай кваліфікацыі. Форвард апошні раз гуляў за нацыянальную каманду на чэмпіянаце свету ў Парыжы ў 2017 годзе. Да гэтага Стась прымаў са зборнай удзел у дзевяці чэмпіянатах свету, зімовых Алімпійскіх гульнях-2010, насіў капітанскую нашыўку. У сезоне-2015/16 нападнік прызнаваўся найлепшым хакеістам Беларусі. Кантракт Стася з „Авангардам” заканчваецца 30 красавіка.

Баскаў замяніў Шуневіча ў савеце дырэктараў КХЛ

КХЛ паведаміла пра тое, што адбылося завочнае галасаванне, на якім вырашылі датэрмінова спыніць паўнамоцтвы савета дырэктараў і абраць новы склад, піша Tribuna. У новы склад увайшоў генеральны дырэктар менскага «Дынама» Зміцер Баскаў. Нагадаю, што раней у склад дырэктараў КХЛ уваходзіў Ігар Шуневіч. Пры гэтым Шуневіч застаецца старшынёй Назіральнай рады «Дынама».

Зборная Беларусі засталася на 87-м месцы ў абноўленым рэйтынгу ФІФА

Зборная Беларусі па футболе захавала 87-ю пазіцыю ў абноўленым рэйтынгу ФІФА. Лідарства ўтрымлівае зборная Бельгіі. На другім месцы французы, на трэцім бразільцы, на чацвёртым зборная Англіі, на пятым Уругвай.

Сярэдняя выніковасць Савіцкага ў Кубку Беларусі складае 0,6 мяча за гульню

Нападнік берасцейскага „Дынама” Павел Савіцкі забіў 18-ы мяч у Кубку краіны. Ён займае 9-е месца ў спісе лепшых бамбардзіраў турніру за ўсе гады. Наперадзе яго ў гэтай намінацыі Валерый Стрыпейкіс – 37 галоў, Арцём Канцавы – 33, Віталь Радзівонаў – 28, Генадзь Блізнюк і Раман Васілюк – па 25, Дзмітрый Камароўскі – 23, Дзмітрый Асіпенка і Мікалай Януш – па 22. Сярэдняя выніковасць Савіцкага ў Кубку складае 0,6 мяча за гульню (18 галоў у 30 матчах). Па гэтым паказчыку яго апярэджваюць толькі Канцавы – 0,79 і Стрыпейкіс – 0,64 гола за гульню.

Беларускія спартоўцы рыхтуюцца да турніру па адзінаборствах у Менску

Беларускія спартоўцы рыхтуюцца да турніру па адзінаборствах у Менску, расказаў адзін з арганізатараў мерапрыемства Канстанцін Маханькоў. „У канцы траўня плануем правесці закрыты турнір па адзінаборствах, дзе выступяць прадстаўнікі бокса, грэплінга, кікбоксінгу, каратэ, баявога самба і змешаных адзінаборстваў. Гэтыя спаборніцтвы стануць адборавымі да міжнародных спаборніцтваў у кастрычніку, – сказаў Канстанцін Маханькоў. Сярод планаваных удзельнікаў травеньскага турніру – беларускія спартоўцы Міхаіл і Яўген Даўгалеўцы, якія паспяхова дэбютавалі ў прафесійным боксе на міжнародным турніры MGC: Live 2 Fight 29 лютага ў Менску, тытулаваныя кікбаксёры Максім Спадаранка і Яўген Мягкоў. Па словах Канстанціна Маханькова, галоўная задача гэтых спаборніцтваў – адкрыць новыя імёны і даць спаборніцкі вопыт.

Беларускае Радыё Рацыя