Ангельскія клубы перамаглі ў першых чвэрцьфіналах футбольнай Лігі чэмпіёнаў



Англійскія клубы дамагліся перамог у першых чвэрцьфінальных матчах футбольнай Лігі чэмпіёнаў. „Манчэстэр Сіці” на сваёй арэне меў вялікую гульнявую перавагу над мадрыдскім „Атлетыка”, але забіць здолеў толькі аднойчы. На 70-й хвіліне сустрэчы пераможны мяч забіў Кевін Дэ Бройнэ – 1:0. У Лісабоне футбалісты „Ліверпуля” ўзялі верх над партугальскай „Бенфікай” з лікам 3:1. У першым тайме Ібраіма Канатэ і Садыё Манэ забілі два галы ў браму гаспадароў поля, адразу пасля перапынку Дарвін Нуньес адквітаў адзін мяч, а незадоўга да фінальнага свістка калумбійскі форвард гасцей Луіс Дыяс паставіў апошнюю кропку ў гэтым матчы. Яшчэ два чвэрцьфінальныя матчы пройдуць 6 красавіка. Дзеючы пераможца чэмпіёнскай Лігі лонданскі „Чэлсі” прыме гасцей з самага тытулаванага клуба Еўропы мадрыдскі „Рэал”. Іспанскі „Вільярэал” згуляе ў сябе дома з мюнхенскай „Баварыяй”.

„Нёман” прыме футбалістаў БАТЭ ў першым паўфінале Кубка Беларусі

Сёння, 6 красавіка, у Гародні адбудзецца першы паўфінальны матч розыгрышу Кубка Беларусі па футболе. Футбалісты „Нёмана” прымуць цяперашняга ўладальніка трафея барысаўскі БАТЭ. Пачатак сустрэчы ў 17.00. У чвэрцьфінале барысаўчане па суме дзвюх сустрэч былі мацнейшыя за жодзінскі „Тарпеда-БелАЗ” – 1:1 (дома) і 1:0 (у гасцях), а іх апаненты абышлі магілёўскае „Дняпро” – 3:0 (дома) і 0:0 (у гасцях).

„Юнацтва” абыграла „Нёман” і выйшла ў фінал плэй-оф экстралігі

„Юнацтва” ў гасцях абыграла гарадзенскі „Нёман” 3:2 і выйшла ў фінал плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі. Менчукі выйгралі паўфінальную серыю з лікам 4:2. „Юнацтва” згуляе ў фінале дзявяты раз запар. Яго супернік вызначыцца ў супрацьстаянні „Металурга” і „Шахцёра”. У паўфінальнай серыі лік пакуль 3:2 на карысць жлобінцаў. Іх шостая сустрэча пройдзе 6 красавіка.

„Імпульс-БДУІР” прабіўся ў 1/4 фіналу мужчынскага чэмпіянату Беларусі па баскетболе

Баскетбалісты менскага клуба „Імпульс-БДУІР” выйшлі ў чвэрцьфінал мужчынскага чэмпіянату Беларусі. У другім паядынку серыі 1/8 фіналу студэнты абыгралі выхаванцаў РЦАП-СДЮШАР 77:45. Раней „Імпульс-БДУІР” таксама быў мацнейшы – 74:61. У чвэрцьфінале яго супернікам будзе „Гродна-93”.
Баскетбалісткі гарадзенскай „Алімпіі” сталі другімі фіналісткамі 30-га чэмпіянату Беларусі сярод жаночых каманд. У пятым, вырашальным паядынку паўфінальнай серыі бронзавыя прызёры мінулага нацыянальнага першынства выйгралі на сваёй пляцоўцы ў баскетбалістак „Цмокi-Мінск” з лікам 74:55. Першым удзельнікам фінальнай серыі за залатыя медалі стаў дзейны чэмпіён краіны сталічны „Гарызонт”.

„Мінчанка” абыграла „Зарэчча-Адзінцова” ў матчы расейскай валейбольнай Суперлігі

Валейбалісткі „Мінчанкі” на хатняй арэне абыгралі „Зарэчча-Адзінцова” ў чарговым матчы жаночага чэмпіянату Расеі. Падначаленыя Станіслава Салікава не аддалі суперніцам з Маскоўскай вобласці ніводнага сэта – перамога ў трох партыях – 3:0. За тур да канца рэгулярнага чэмпіянату „Мінчанка” займае 12-е месца сярод 14 каманд лігі, набраўшы 21 бал. „Зарэчча-Адзінцова” замыкае табліцу. Барацьбу ў плей-оф Суперлігі працягнуць восем найлепшых калектываў турніру.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя