Англія і Швейцарыя сталі фіналістамі футбольнага чэмпіянату свету
У адборавай групе I да чэмпіяната свету па футболе Венгрыя абыграла ў Варшаве зборную Польшчы. За вугорцаў да перапынку вызначыўся Андраш Шэфер, затым у другім тайме Караль Свідэрскі лік зраўняў, а дакладны ўдар Даніэля Газдага прынёс венграм перамогу. Першае месца ў групе занялі англічане, якія разграмілі ў гасцявым матчы 10-м тура аўтсайдэра каманду Сан-Марына 10:0. Футбалісты зборнай Польшчы такім чынам згуляюць яшчэ два матчы за права выступіць на мундыялі. За дзень да фінішу еўрапейскага адборавага турніру футбольнага чэмпіянату свету вядомы ўжо дзевяць удзельнікаў фінальнай стадыі. З кваліфікацыйнай групы С пуцёўку ў Катар заваявалі футбалісты Швейцарыі, якія разграмілі ў Базэлі ў гульні 8-га тура каманду Балгарыі – 4:0. Канкурэнт швейцарцаў у барацьбе за першае месца чэмпіён Еўропы зборная Італіі не змагла перамагчы ў Белфасце паўночнаірландцаў – нічыя 0:0. Італьянцы занялі другое месца і выступяць у стыкавых матчах. Лідэры групы F датчане, якія даўно гарантавалі сабе першае месца, прайгралі ў Глазга шатландцам 0:2, якія занялі другую пазіцыю. Гэта першая параза і першыя прапушчаныя мячы датчан у дзесяці праведзеных сустрэчах. Ізраільцяне адолелі на сваім полі каманду Фарэрскіх выспаў – 3:2, а зборная Аўстрыі разграміла футбалістаў Малдовы – 4:1. Раней пуцёўкі ў фінал планетарнага форуму заваявалі зборныя Бельгіі, Францыі, Германіі, Іспаніі, Харватыі і Сербіі.
Зборная Беларусі па міні-футболе саступіла сербам у плей-оф Чэмпіяната Еўропы
Зборная Беларусі па міні-футболе пацярпела паразу ад сербаў з лікам 1:3 у першым матчы плэй-оф за выхад у фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы. Сустрэча ў сербскім Крагуевацы прайшла з перавагай гаспадароў. У сярэдзіне другога тайма беларусы саступалі з лікам 0:3, і толькі за дзве хвіліны да заканчэння гульні Дзмітрый Лось адыграў адзін мяч. Паядынак у адказ за выхад у фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы адбудзецца заўтра ў мінскім палацы спорту „Уручча”. У выпадку поспеху па суме двух паядынкаў беларусы трапяць у папярэднюю групу А кантынентальнага першынства, дзе іх супернікамі будуць каманды Нідэрландаў, Украіны і Партугаліі.
Хакеісты мінскага „Дынама” саступілі „Лакаматыву” ў матчы чэмпіянату КХЛ
Хакеісты мінскага „Дынама” саступілі яраслаўскаму „Лакаматыву” ў хатнім матчы чэмпіянату КХЛ з лікам 3:7. У складзе „зуброў” дублем адзначыўся Мальце Стрэмваль, яшчэ адну шайбу закінуў Дзмітрый Корабаў.
„Металург” і „Гомель” учынілі перастрэлку ў дэрбі, закінуўшы 13 шайб
Звышвыніковым атрымаўся адзіны матч панядзелка ў беларускай хакейнай экстралізе. „Металург” упэўнена пачаў сустрэчу і выйграў першы перыяд 3:0. Дубль аформіў Артур Гаўрус. Пачатак другой дваццаціхвілінкі стаў халодным душам для „ваўкоў”: „Гомель” здолеў зраўняць лік ужо да чацвёртай хвіліны перыяду, а да сярэдзіны выйшаў наперад. На другі перапынак каманды пайшлі, закінуўшы 11 шайб на дваіх. Іх магло быць і больш, але гол Зміцера Войцехава арбітры не залічылі. За 4 хвіліны да трэцяй сірэны „Металургу” ўдалося зраўняць лік, калі вызначыўся лепшы бамбардзір чэмпіянату краіны Аляксандр Ціміраў. Аднак ужо праз хвіліну Яўген Дадонаў закінуў пераможную шайбу 7:6. Гэтая гульня стала самай выніковай у сезоне. Каманды сустракаліся трэці раз і тройчы перамогу святкаваў „Гомель”.
