Англія пераможна стартавала на футбольным Еўра



У нядзелю на футбольным Еўра стартавала група „D”. Галоўны фаварыт квартэту – дружына Англіі на родным стадыёне сустрэлася з сярэбраным прызёрам апошняга мундыялю – зборнай Харватыі.

У першай палове брытанцы мелі значную перавагу, аднойчы стрэлілі ў штангу, але адкрыць лік так і не здолелі. Але ў другім тайме тэрытарыяльны наступ Англіі ўсё ж увасобіўся ў гол – на 57-й хвіліне вызначыўся Рахім Стэрлінг. Далей гульня праходзіла ва ўзаемных атаках, але змяніць лік на табло нікому не ўдалося. У выніку мінімальная вікторыя ангельскай дружыны –1:0.

Трэба заўважыць, што Англія ўпершыню (толькі з 10-й спробы!) выйграла свой стартавы матч на еўрачэмпіянатах.

У гэтай групе знаходзяцца таксама Чэхія і Шатляндыя – яны сустрэнуцца паміж сабой заўтра.

Беларускае Радыё Рацыя