Антон Смольскі выйграў бронзу на этапе КС па біятлоне ў Аўстрыі



Антон Смольскі выйграў бронзу трэцяга этапа Кубка свету па біятлоне, які стартаваў у Хохфільцэне (Аўстрыя).

Антон Смольскі Фота: biathlon.by

Беларус прабег спрынтарскую гонку на 10 км на 20,5 сек. павольней пераможцы з Германіі Ёханэса Кюна, пры гэтым не дапусціў ніводнага промаху. Другое месца заняў швед Марцін Пансілуома. У дзясятцы наймацнейшых фінішаваў яшчэ адзін беларус Дзмітрый Лазоўскі, які стаў дзявятым. Гэта першы подыўм для мужчынскай нацыянальнай каманды за пяць гадоў. 1 снежня 2016 года Уладзімір Чапелін заняў другое месца ў індывідуальнай гонцы Эстэрсундзе.

Лепшы бамбардзір „Слуцка” Стывен Альфрэд працягне кар’еру ў чэмпіянаце Ізраіля

Нігерыйскі форвард Стывен Альфрэд перайшоў са „Слуцка” ў ізраільскі „Хапаэль Эран Хадэра”. Пра гэта паведамляе прэс-служба „Слуцка”. Новая каманда нападніка займае пятае месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Ізраіля пасля 12 тураў. Альфрэд стаў самым выніковым гульцом «Слуцка» у мінулым сезоне, дзе забіў 9 галоў і аддаў 5 галявых перадач у 24 матчах вышэйшай лігі.

„Рэал” хоча вярнуць Раналду

Мадрыдскі „Рэал” уважліва назірае за гульнёй 36-гадовага партугальскага форварда „Манчэстэр Юнайтэд” Крышціяну Раналду. „Сметанковыя” былі б рады ўз’яднацца са сваёй былой зоркай. У „Рэале” лічаць, што здзелку можна будзе ажыццявіць ужо ў студзені. Раналду перайшоў у „Манчэстэр Юнайтэд” мінулым летам з турынскага „Ювентуса” за €15 мільёнаў. У бягучым сезоне Крышціяну правёў за „Манчэстэр Юнайтэд” 18 матчаў ва ўсіх турнірах, дзе забіў 12 мячоў і аддаў 2 выніковыя перадачы.

Гонку з перашкодамі Bison Race плануюць правесці ў Берасці ў 2022 годзе

У Берасці плануюць правесці міжнародны забег Bison Race. Такую гонку ў абласным цэнтры правядуць упершыню. Яна запланавана на 10 ліпеня. Удзельнікам прапануюць пераадолець больш за 5 км. На дыстанцыі бегуноў будзе чакаць больш за 20 перашкод рознай складанасці. У гонцы змогуць узяць удзел прафесійныя спартоўцы і аматары бегу.

Беларускае Радыё Рацыя