Аргенціна выйшла ў фінал



Другі паўфінальны матч чэмпіянату свету па футболе завяршыўся перамогай Аргенціны, якая толькі па пенальці перамагла дружыну Нідэрляндаў – 0:0, 4:2 у серыі 11-мятровых.

Асноўны і дадатковы час галоў не прынеслі, а вось пенальці больш удала выконвалі “альбіселестэ”, якія рэалізавалі ўсе чатыры свае спробы. Брамнік Серхіё Рамэра сваім парадкам двойчы парыраваў стрэлы галяндцаў.

Паўфінальны паядынак, які рэзка кантраставаў з папярэднім шоў немцаў, быў адзначаны бітвай на кожным квадратным метры поля гораду Сан-Паулу. Перад сустрэчай удзельнікі ўшанавалі памяць вялікага футбаліста мінуўшчыны Альфрэда Дзі Стэфана, які памёр днямі.

Арбітру Джунейту Чакыру працы не забракла, але ў цэлым каманды гулялі ня груба, а сутыкненні і разбітыя галовы былі следствам мужчынскага змагання. У аргенцінцаў востра адчувалася на полі адсутнасць Анхеля Дзі Марыі – Ліанэлю Месі патрэбен у стваральнасці хоць адзін талковы партнёр яго роўню. Ні Эзэкіль Лавесі, ні Гансала Ігуаін, ні тым больш Радрыга Паласіё, які ўвогуле невядома што робіць у гэтай камандзе, аналагічнымі “барселонцамі” для лідара Аргенціны не могуць быць апрыёры. А вось менш тытулаваныя хаўбекі Лукас Білья і Энса Перас выявілі сябе ў гэты дзень найлепшым чынам. У цэлым жа Месі, які праводзіў 92-і матч за нацыянальную дружыну і апярэдзіў учора па гэтым паказніку Дыега Марадону, быў надзейна ўзяты ў скрыначку “аранье”.

Сустрэчу называлі паядынкам двух трэнераў-прагматыкаў – і шахматная спрэчка Луі ван Гала і Алехандра Сабельі гэта пацвердзіла. Сутнасць жа палягала ў тым, што Аргенціна па-іншаму і згуляць не магла, а вось аранжавыя сведама наступілі на горла ўласнай песні. За ўвесь асноўны час еўрапейцы не стварылі ў атацы нічога прыкметнага. Толькі на 91-й хвіліне фірмовы рэйд здзейсніў Ар’ен Робэн, але яго кінжальны стрэл блакаваў “трохжыльны” апорнік Хаўер Маскерана. У цэлым жа ў асноўны час паўднёваамерыканцы былі бліжэй да поспеху, у дадатковы ж апаненты пры дастакова моцным дажджы мелі па паўтары моманты, каб не даводзіць справу да 11-мятровых. Верны шанец загубіў Паласіё, які не рэалізаваў рэдкі выхад сам на сам з Ясперам Сілесенам. Тут падумалася, што дарма Сабелья не памірыўся з Карласам Тэвесам і не ўзяў гэтага нападніка на мундыяль.

Урэшце Нідэрлянды сталі ахвярай саманадзейнасці Луі ван Гала, які нібыта слушна прыбраў ад граху падалей абаронца Бруну Марцінша Індзі, памяняў мацёрага, але змучанага пасля траўмы Найджэла дэ Ёнга на юнага Ёрдзі Класі, а ўрэшце замяніў Робіна ван Персі на Класа-Яна Хунтэлара. Але пры тым выбраў ліміт заменаў і не даў брамніку Ціму Крулу шанцу на яшчэ адзін галкіперскі подзвіг. А ў серыі 11-мятровых замест пенальтыста Хунтэлара выправіў першым біць абаронца Рона Флара, які схібіў. А вось выбар аргенцінскага штабу быў бездакорным: першым Месі, потым Эзэкіль Гарай і ўрэшце свежыя Серхіё Агуэра і Максі Радрыгес – усе дакладна. У “аранье” вызначыліся Ар’ен Робэн і Дзірк Каўт. Героем жа стаў фактурны брамнік Серхіё Рамэра, які парыраваў яшчэ і ўдар Уэслі Снайдэра.

½ фіналу. Аргенціна – Нідэрлянды – 0:0, пенальці – 4:2. Пенальці забілі: Ліанэль Месі, Эзэкіль Гарай, Серхіё Агуэра, Максі Радрыгес; Ар’ен Робэн, Дзірк Каўт. Не забілі: Рон Флар і Уэслі Снайдар.

Лепшыя гульцы сустрэчы Хаўер Маскерана і Ар’ен Робэн.

Такім чынам у фінале спаткаюцца Нямеччына і Аргенціна. Такі склад фіналістаў быў у 1986-ым і ў 1990-ым гадах. Бразілія і Нідэрлянды аспрэчаць бронзавыя ўзнагароды. Спабор розных кантынентаў – Еўропы і Паўднёвай Амерыкі прадоўжыцца.

Уладзімір Хільмановіч/Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя