Арына Сабаленка не змагла выйсці ў фінал Уімблдону



Чацвёртая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка не змагла прабіцца ў фінал Уімблдонскага турніру. У паўфінальным матчы лепшая беларуская тэнісістка саступіла чэшцы Караліне Плішкавай – 7:5, 4:6, 4:6. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 56 хвілін.

У суботу у фінале 134-га па ліку Уімблдонскага турніру Караліна Плішкава будзе супернічаць з лідэрам сусветнага рэйтынгу аўстралійкай Эшлі Барці, якая ў паўфінале перамагла немку Ангеліку Кербер – 6:3, 7:6.

Сёння адбудуцца паўфіналы мужчынскага адзіночнага разраду. Першы нумар сусветнага рэйтынгу серб Новак Джокавіч сустрэнецца з прадстаўніком Канады Дзянісам Шапавалавым. У другім паядынку за выхад у фінал паляк Хуберт Гуркач будзе супернічаць з італьянцам Матэа Берэціні.

Лёгкаатлет Дзмітрый Карпук стаў пераможцам маладзёжнага ЧЕ ў Эстоніі

Беларускі лёгкаатлет Дзмітрый Карпук стаў пераможцам чэмпіянату Еўропы сярод спартоўцаў не старэйшых за 23 гады. Чэмпіянат стартаваў у Таліне. Ураджэнцу Кобрынскага раёна не было роўных у штурханні ядра. У сваёй лепшай спробе Дзмітрый Карпук зафіксаваў вынік на адзнацы 20 м 33 см. Мог скласці яму кампанію на п’едэстале яшчэ адзін беларускі атлет Алег Тамашэвіч, які да шостай спробы ішоў на трэцяй пазіцыі ў прамежкавым пратаколе. Але ў выніку яго абышоў грэк Одзісеас Музенідзіс.

Ілля Шкурын можа працягнуць кар’еру ў кіеўскім „Дынама”

Беларускі форвард маскоўскага ЦСКА Ілля Шкурын можа на правах арэнды перайсці ў кіеўскае „Дынама”. Пра гэта паведамляе ўкраінскі журналіст Ігар Бурбас. Вельмі верагодна, што ўжо на другі збор у складзе кіеўскага „Дынама” адправіцца новы нападнік. Гэта 21-гадовы беларус Ілья Шкурын. Яму раздаюць вялікія авансы, у яго добрыя перспектывы. Перамовы на завяршальнай стадыі. Гаворка ідзе аб арэндзе з магчымасцю наступнага выкупу, – напісаў журналіст у твітэры.

Алеся Макрыцкая выйграла золата Кубка свету па фехтаванні на калясках у Варшаве

Беларуская спартоўка Алеся Макрыцкая выйграла золата этапа Кубка свету па фехтаванні на калясках „Шабля Кілінскага – 2021”. Турнір праходзіць у Варшаве, паведаміла БЕЛТА трэнер-адміністратар нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па інваспорту Марына Грыгаран. Беларуская шпажыстка, якая выступала ў катэгорыі В, упэўненай хадой дайшла да фіналу. У вырашальным паядынку яна выйграла ва ўкраінкі Алены Фядоты з лікам 14:12.

Кубак свету па фехтаванні на калясках з’яўляецца адным з самых прадстаўнічых у дадзенай дысцыпліне. На гэты раз у спрэчцы за ўзнагароды спаборніцтваў удзельнічаюць больш за 250 спартоўцаў з 34 краін.

Іван Ціхан абраны капітанам алімпійскай зборнай Беларусі на Гульні ў Токіа

Камісія спартоўцаў НАК Беларусі выбрала капітанам каманды на XXXII Гульні Алімпіяды ў Токіо двухразовага прызёра галоўных стартаў чатырохгоддзя, двухразовага чэмпіёна свету ў кіданні молата, заслужанага майстра спорту Рэспублікі Беларусь Івана Ціхана.

Гульні XXXII Алімпіяды ў Токіа пройдуць з 23 ліпеня па 8 жніўня без гледачоў на трыбунах з-за сітуацыі з каронавірусам.

Беларускае Радыё Рацыя