Сабаленка перайграла Рыбакіну на турніры ў Абу-Дабі
У матчы 1/4 фіналу на турніры ВТА ў Абу-Дабі беларуская тэнісістка Арына Сабаленка (N10 ВТА) узяла верх над прадстаўніцай Казахстана Аленай Рыбакінай (19) з лікам 6:4, 4:6, 6:3.
Матч доўжыўся 2 гадзіны 1 хвіліну. У паўфінале Сабаленка згуляе з пераможцай пары Кенін – Сакара.
80% японцаў выступаюць за адмену або перанос Алімпіяды-2021
Інфармацыйнае агенцтва Kyodo правяло апытанне сярод жыхароў Японіі па пытанні правядзення Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Токіо. Як паведамляецца на сайце агенцтва, 35,3% апытаных выказаліся за адмену Алімпіяды. Яшчэ 44,8% заявілі, што Гульні зноў неабходна перанесці. Алімпіяда-2020 у Токіо была запланаваная ў тэрміны з 24 ліпеня па 9 жніўня 2020 года, але яе перанеслі з-за пандэміі каронавіруса.
Ілля Колпачук пакінуў берасцейскі „Рух”
Беларускі абаронца Ілля Колпачук (1990) пакінуў берасцейскі „Рух”. Тэрмін дзеяння пагаднення паміж 30-гадовым гульцом і клубам падышоў да канца. Ілля перайшоў у „Рух” зімой 2018 года. За два гады ў камандзе футбаліст правёў 46 афіцыйных матчаў, забіў два мячы і аддаў сем галявых перадач, адзначае прэс-служба „Руху”.
Беларускі абаронца Яўген Клапоцкі (1993 г.) перайшоў з „Віцебска” ў берасцейскі „Рух”. Кантракт з клубам заключаны па схеме 1+1, паведамляе прэс-служба „Руху”. У вышэйшай лізе-2020 Клапоцкі правёў 23 матчы і забіў два галы.
Форвард менскага „Дынама” Шэйн Прынс – найлепшы нападнік тыдня ў КХЛ
Форвард менскага „Дынама” Шэйн Прынс прызнаны найлепшым нападнік тыдня ў КХЛ. Нападнік атрымаў з камандай дзве перамогі ў трох матчах тыдня. Прынс набраў 6 (4+2) ачкоў, зрабіў два дублі і закінуў дзве пераможныя шайбы. Форвард менчукоў не завяршыў ні адзін з матчаў з адмоўным паказчыкам карыснасці пры агульным паказчыку „+2”.
У двухбаковым спарынгу форвард „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч вызначыўся выніковай перадачай
У апошнім матчы „Нью-Джэрсі” ў трэніровачным лагеры „белыя” перамаглі „чырвоных” з лікам 3:2. Беларускі нападнік Ягор Шаранговіч выходзіў на лёд за „белых” у тройцы з Йесперам Боквістам і Яне Куоканенам. Ён запісаў у актыў выніковую перадачу. „Д’яблы” пачнуць рэгулярны сезон НХЛ у ноч з чацвярга на пятніцу, калі прымуць „Бостан”.
Кіраўнік Федэрацыі хакея Фінляндыі: У Беларусі не павінны праводзіцца матчы
Кіраўнік Федэрацыі хакея Фінляндыі Хары Нуммела адказаў на пытанне аб магчымым байкоце чэмпіянату свету-2021, які павінен адбыцца ў Менску і Рызе. „Як я ўжо казаў раней, у Беларусі не могуць і не павінны праводзіцца ніякія матчы. Нам патрэбны новы арганізатар турніру. Як варыянт, можна правесці турнір у Латвіі цалкам”, напісаў ён у твітары.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: legalbet.kz
