Арына Сабаленка прыме ўдзел у турніры ў Лексінгтоне



Першая ракетка Беларусі і 11-я ракетка свету Арына Сабаленка далучыцца да суайчынніцы Вікторыі Азаранкі на турніры ВТА ў амерыканскім Лексiнгтоне, які стартуе 10 жніўня, – інфармуе рэсурс „Top Seed Tennis Club”. Раней на гэты турнір заявіліся таксама сёстры Венус і Серэна Уільямс, Слоўн Стывенс, Коры Гаўф і Аманда Анісімава.

Уладзіслаў Калячонак перайшоў у менскае „Дынама” на правах арэнды

Беларускі абаронца Уладзіслаў Калячонак перайшоў у менскае „Дынама” на правах арэнды да канца сезона. Раней паведамлялася, што „зубры” ўзгаднілі асабісты кантракт з хакеістам. У апошнія два сезоны Уладзіслаў выступаў у юніёрскай лізе Антарыа за „Флінт”. У мінулым сезоне набраў 33 (12+21) ачкі ў 53 матчах пры карыснасці „+19”.

Самы выніковы валейбаліст рэгулярнай стадыі мінулага чэмпіянату перайшоў у „Будаўнік”

Самы выніковы валейбаліст чэмпіянату Беларусі 2020 года рэгулярнай стадыі турніру Пётр Мінянкоў пераходзіць у сталічны „Будаўнік”. Раней 21-гадовы гулец выступаў за менскі РГУОР, дзе яго падрыхтоўкай займаўся вядомы айчынны спецыяліст Сяргей Конанаў. Затым у 2017 годзе Пётр Мінянкоў гуляў за МАПІД.

Амерыканскі баскетбаліст Роберт Лоўры застаўся ў „Цмокi-Менск”

Амерыканскі баскетбаліст Роберт Лоўры працягнуў кантракт з „Цмокi-Менск” яшчэ на адзін сезон. У мінулым сезоне Роберт Лоўры быў адным з лідараў „цмокаў”. Ён стаў найлепшым асістэнтам менскай каманды, аддаўшы больш за ўсіх дзейсных перадач. У гэтае міжсезонне навабранцамі чэмпіёнаў Беларусі сталі яшчэ адзін амерыканец Крыстафер Клайберн, а таксама цэнтравы зборнай Латвіі Клаўс Чаверс.

Крышціяну Раналду па галах за кар’еру саступае толькі Пеле

Нападнік „Ювентуса” Крышціяну Раналду аформіў дубль у матчы 34-га тура серыі „А” супраць „Лацыё”. Такім чынам, 35-гадовы партугалец забіў свае 733-й і 734-й галы за кар’еру. Дзякуючы гэтаму ён дагнаў легендарнага бразільскага форварда Рамарыа па галах за кар’еру ў афіцыйных турнірах. Цяпер Роналду дзеліць з бразільцам другое месца спісу ўсіх часоў, саступаючы толькі Пеле, у якога 767 галоў.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]