Арына Сабаленка выйграла турнір у Нью-Хэйвене!



Арына Сабаленка выйграла турнір у амерыканскім Нью-Хэйвене. Гэта першая перамога беларускай тэнісісткі на турніры з серыі WTA. Да гэтага Сабаленка тройчы выходзіла ў фінал, але саступала на апошняй рысе. З прадстаўніц Беларусі раней 21 тытул у адзіночным разрадзе выйгравала Вікторыя Азаранка, 4 – Наташа Зверава.

Найбольш цяжка Сабаленцы было ў паўфінале, дзе яна здолела перамагчы 9-ю ракетку свету Юлію Гёргес. Сустрэча была вельмі няпростай, але беларусцы хапіла для афармлення поспеху дзвюх партый. У першым сеце Арына рэалізавала ў патрэбны момант брэйк-пойнт і вышла наперад 6:4. У другой партыі павяла Гёргес 2:0, але Сабаленка не зламалася і ўрэшце давяла справу да тай-брэйку. На ім беларуска спачатку саступала, але ўрэшце выдала бліскучую канцоўку – 7:6 (7:3)

У фінальным паядынку 25-й ракетцы свету супрацьстаяла іспанка Карла Суарэс-Навара (30-ы нумар сусветнага жаночага рэйтынгу).

У першым сеце Сабаленка проста граміла суперніцу і ўзяла партыю з лікам 6:1. Другі сет пачаўся з ініцыятывы Суарэс-Навара, якая ўзяла стартавы гейм і мела брэйк-пойнт у другім. Але фаварытка фіналу хутка сканцэнтравалася і параўняла сітуацыю. Да ліку 3:3 суперніцы бралі сваю падачу. Потым абмяняліся брэйкамі. Пры ліку 4:4, які доўга трымаўся, Сабаленка на падачы суперніцы ўзяла 9-ы гейм і выйшла падаваць на матч. І з трэцяга матч-бола завяршыла справу – 6:4.

З панядзелка Сабаленка ўпершыню ў кар’еры ўвойдзе ў 20-ку мацнейшых тэнісістак свету. Наперадзе USA Open, дзе ў асноўнай сетцы стартуюць адразу чатыры беларускі – акрамя Арыны, гэта Аляксандра Сасновіч, Вера Лапко і Вікторыя Азаранка. 

Беларускае Радыё Рацыя