Валейбалісткі „Мінчанкі” абыгралі „Дынама-Метар”



Валейбалісткі „Мінчанкі” абыгралі чалябінскі „Дынама-Метар” у перанесеным матчы 5-га тура расейскай суперлігі з лікам 3:0.  Самай выніковай валейбалісткай сустрэчы стала мінчанка Надзея Смірнова, на рахунку якой 24 карысныя дзеянні.  Такім чынам, „Мінчанка” з 10 перамогамі і 29 ачкамі займае дзявятае месца ў турнірнай табліцы расейскай суперлігі. Сёння, 10 сакавіка, каманда Станіслава Салікава правядзе з „Дынама-Метар” яшчэ адзін перанесены матч, на гэты раз 18-га тура.

 

КХЛ аштрафуе менскае «Дынама» на 2700 даляраў за паводзіны заўзятараў падчас трэцяга матчу серыі са СКА

«Дзеянні заўзятараў (а менавіта кіданне старонніх прадметаў на лёд) парушаюць палажэнні рэгламенту КХЛ, да «Дынама» Менск будуць ужытыя дысцыплінарныя санкцыі», – сказалі ў прэс-службе КХЛ. Менчукам пагражае штраф у памеры 200 000 расейскіх рублёў (ці 2700 даляраў), паведамляе «Хакейны бульбаш». Сустрэча праходзіла 6 сакавіка на стадыёне «Мінск-Арэна» у сталіцы Беларусі. Пераможную шайбу ў авертайме пры гульні ў фармаце «5 на 3» закінуў форвард СКА Ліндэн Вэй. Пасля шайбы «армейцаў» на лёд з трыбун паляцелі бутэлькі ды іншыя прадметы.

 

«Барусія» і «Порту» выйшлі ў 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў

У матчы ў адказ 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў дортмундская «Барусія» прымала «Севілью». Сустрэча прайшла ў Дортмундзе і завяршылася нічыёй з лікам 2:2. На 35-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў нападнік дортмундскай «Барусіі» Эрлінг Холанд. На 54-й хвіліне галоўны арбітр сустрэчы прызначыў пенальці ў браму «Севільі», які паспяхова рэалізаваў той жа Холанд. На 69-й хвіліне форвард «Севільі» Юсэф Эн-Несіры таксама рэалізаваў 11-метровы ўдар і скараціў адставанне гасцей у ліку. У канцоўцы сустрэчы Эн-Несіры зраўняў лік, але перавесці гульню ў авертайм іспанскаму клубу не атрымалася.  Першая сустрэча завяршылася перамогай нямецкай каманды з лікам 3:2. 

У іншай пары партугальскі «Порту» сэнсацыйна выбіў турынскі «Ювентус» з Лігі чэмпіёнаў. У першай гульні, нагадаю, партугальцы выйгралі 2:1. У  першым тайме сустрэчы ў адказ у «Ювентуса» былі праблемы з рэалізацыяй, а вось «Порту» за свой падараваны момант зачапіўся. На 19-й хвіліне паўабаронца «цмокаў» Сержыу Алівейра рэалізаваў пенальці. У пачатку другога тайма, на 49-й хвіліне, «Ювентус» зраўняў лік. Гол забіў Федэрыка К’еза. Праз пяць хвілін з поля быў выдалены нападнік «Порту» Мехдзі Тарэмі. Застаўшыся ў меншасці, «Порту» не вытрымаў націск суперніка. На 63-й хвіліне «Ювентус» забіў другі гол. Дубль Федэрыка К’езы перавёў гульню ў дадатковы час. У экстра-таймах «Ювентус» гуляў першым нумарам, а «Порту» абараняўся і контратакаваў. Камандам удалося абмяняцца галамі. На 115-й хвіліне паўабаронца «Порту» Сержыу Алівейра забіў гол прамым ударам са штрафнога, запісаўшы на свой рахунак дубль. На 117-й хвіліне «Ювентус» забіў трэці гол намаганнямі Адрыена Раб’ё. Але пераможцам з гэтага двухматчавага супрацьстаяння ўсё роўна выйшаў калектыў з Партугаліі.

 

Беларускія барацьбіты назвалі склад на кваліфікацыю да Гульняў у Токіа

Трэнерскія штабы нацыянальных каманд Беларусі па вольнай і грэка-рымскай барацьбе вызначыліся са складамі на маючы адбыцца ў сакавіку еўрапейскі адборавы алімпійскі турнір. У стартах па вольнай барацьбе за алімпійскія ліцэнзіі паспрачаюцца Уладзіслаў Андрэеў (57 кг), Нюргун Скрабін (65 кг), Магамедхабіб Кадзімагамедаў (74 кг), Алі Шабанаў (86 кг), Аляксандр Гуштын (97 кг) і Дзяніс Храмянкоў (125 кг). Што тычыцца „грэка-рымлян”, то ў дадзеным выглядзе праграмы стаўка будзе зроблена на Саслана Даурава (60 кг), Аляксандра Лявончыка (67 кг), Віктара Сасуноўскага (77 кг), Аляксандра Грабовіка і Георгія Чугашвілі (130 кг). Склад дружыны па жаночай барацьбе стане вядомы пазней. Еўрапейскі кваліфікацыйны турнір адбудзецца 18-21 сакавіка ў Будапешце. На маючых адбыцца спаборніцтвах будзе разыграна па дзве ліцэнзіі на Алімпіяду.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя