Аўстралійская тэнісістка Эшлі Барці ўпершыню выйграла Australian Open



Аўстралійская тэнісістка Эшлі Барці ўпершыню стала пераможцай адкрытага чэмпіянату Аўстраліі.

Эшлі Барці. Фота EPA-EFE

У фінальным паядынку першая ракетка планеты за паўтары гадзіны перайграла ў двух сэтах амерыканскую тэнісістку Даніэль Колінз, якая займае 30-е месца ў рэйтынгу WTA – 6:3, 7:6 (7:2). 30 студзеня ў фінальным матчы мужчынскага адзіночнага разраду іспанскі тэнісіст Рафаэль Надаль (5) сустрэнецца з расейцам Даніілам Мядзведзевым (2).

Вера Лапко выйшла ў 1/4 фіналу турніру ў Арланда  

Вера Лапко (409-ы нумар рэйтынгу ВТА) выйшла ў 1/4 фіналу турніру ў амерыканскім Арланда з прызавым фондам 60 000 даляраў. У матчы 1/8 фіналу беларуска перайграла прадстаўніцу ЗША Франчэску Дзі Ларэнца (206 ВТА) з лікам 4:6, 6:2, 6:3.  

БАТЭ згуляў унічыю з „Энергетыкам-БДУ”, футбалісты „Гомеля” перамаглі „Славію”  

Беларускія футбольныя клубы правялі чарговыя перадсезонныя кантрольныя матчы. Віцэ-чэмпіёны краіны футбалісты барысаўскага БАТЭ на полі ФК „Менск” згулялі ўнічыю са сталічным „Энергетыкам-БДУ” – 2:2. Барысаўчане двойчы вялі ў ліку – 1:0 і 2:1, але не ўтрымалі перамогу, прапусціўшы мяч з пенальці ў самым канцы сустрэчы. У першым спарынгу БАТЭ разграміў „Слуцк” – 3:0. „Гомель”, які заняў чацвёртае месца ў мінулым чэмпіянаце, перайграў мазырскую „Славію” з лікам 2:1. Да гэтага гамяльчане перамаглі бабруйскую „Белшыну” (4:0) і магілёўскі „Днепр».  

На Алімпіядзе-2022 залатыя медалі могуць атрымаць дзве каманды  

МАК абнародаваў асаблівыя правілы хакейнага турніру на Алімпіядзе-2022 у Пекіне. Ёсць варыянт, пры якім залатыя медалі будуць уручаны двум камандам. Гэта здарыцца, калі зборныя, якія павінны згуляць у матчы за бронзу і фінальным паядынку, не змогуць выставіць на вырашальныя гульні 15 палявых хакеістаў і двух брамнікаў з-за каронавірусу. Тады сустрэчы будуць адменены, абодва фіналісты атрымаюць залатыя медалі, а абодва няўдачнікі паўфіналаў будуць узнагароджаны бронзавымі ўзнагародамі. Калі толькі адзін з фіналістаў не зможа згуляць у галоўным матчы турніру, яго заменіць пераможца паядынку за бронзу. Тады каманда, якая выйшла ў фінал, атрымае срэбра, як і калектыў, які прайграе ў вырашальным матчы, гаворыцца ў дакуменце. Алімпійскі турнір стартуе 9 лютага.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]