„Авіятар” і Беларусь U-18 згуляюць без гледачоў з-за „немагчымасці забяспечыць бяспеку”



Матч экстралігі „Б” чэмпіянату Беларусі паміж баранавіцкім „Авіятарам” і базавым клубам юніёрскай (U-18) зборнай Беларусі пройдзе 23 верасня без гледачоў. Такое рашэнне прыняў Баранавіцкі гарвыканкам. Прычынай правядзення паядынку з пустымі трыбунамі называецца немагчымасць забеспячэння бяспекі падчас гульні, – перадае hockey.by

Сяргей Чэрнік падпісаў кантракт з „Гарадзеяй”

Галкіпер Сяргей Чэрнік працягне кар’еру ў „Гарадзеі”. Кантракт з „цукровымі” заключаны да канца сезона-2020. Чэрнік правёў у чэмпіянатах Беларусі 170 матчаў, выступаў за гарадзенскі „Нёман”, барысаўскі БАТЭ. У сезонах 2016-2019 гадоў Сяргей Чэрнік правёў за фрацузскі „Нансі” 44 матчы, у казахстанскім клубе „Іртыш” у сезоне-2020 адыграў 2 матчы, – паведамляе сайт „Гарадзеі”.

Бразільскі хаўбек „Віцебска” Дыега Сантас блізкі да пераходу ў салігорскі „Шахцёр”. Футбаліст ужо развітаўся з паўночнікамі. У чэмпіянаце Беларусі-2020 Сантас правёў 37 матчаў, забіў чатыры галы, аддаў тры выніковыя перадачы.

Нападнік  менскага „Дынама” Кірыл Вяргейчык на правах арэнды пераходзіць у футбольны клуб „Віцебск” да канца бягучага сезона, – паведамляе афіцыйны сайт сталічнага клуба. У сезоне-2020 Вяргейчык прыняў удзел у 12 матчах асноўнага складу, у якіх адзначыўся адным забітым мячом.

Кевін Дэ Брэйнэ, Роберт Левандоўскі і Мануэль Ноер намінаваныя на прыз найлепшаму гульцу сезона-2019/20

УЕФА назваў трох футбалістаў, намінаваных на прыз найлепшаму гульцу сезона-2019/2020. На ўзнагароду прэтэндуюць паўабаронца „Манчэстар Сіці” Кевін Дэ Брэйнэ, нападнік „Баварыі” Роберт Левандоўскі і яго партнёр па камандзе брамнік Мануэль Ноер. Імя пераможцы будзе абвешчана 1 кастрычніка, – інфармуе сайт УЕФА. Таксама УЕФА назваў трох намінантаў на ўзнагароду найлепшага трэнеру сезона. У іх лік увайшлі нямецкія спецыялісты Юрген Клопп („Ліверпуль”), Ханс-Дытэр Флік („Баварыя”) і Юліян Нагельсман („Лейпцыг”).

„Мяшкоў Брэст” згуляе ў гасцях у гандбалістаў „Порту” ў Лізе чэмпіёнаў

Сёння пройдуць стартавыя сустрэчы другога тура групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў па гандболе. „Мяшкоў Брэст” свой другі паядынак у папярэдняй групе А правядзе ў гасцях у партугальскага „Порту», ​​пачатак у 21.45.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя