„Аякс” сенсацыйна адолеў „Ювентус” у 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў



Першымі паўфіналістамі футбольнай Лігі чэмпіёнаў сталі іспанская „Барселона” і галандскі „Аякс”.

Футбалісты „Барсы” ў першым паядынку 1/4 фіналу адолелі ў гасцях англійскі „Манчэстэр Юнайтэд” (1:0) і на сваім стадыёне замацавалі поспех – 3:0. Праўда, гульня на „Камп Ноу” пачалася з атак гасцей, але ў хуткім часе гаспадары трывала завалодалі ініцыятывай. На 10-й мінуце нямецкі рэферы Фелікс Брых спачатку назначыў пенальці ў вароты „Манчэстэр Юнайтэд”, але пасля відэапрагляду адмяніў сваё рашэнне. Аднак хутка сваё важкае слова сказаў лідар „Барселоны” Ліянэль Месі, які аформіў галявы дубль на працягу чатырох мінут. Прычым абодва свае мячы аргенцінец забіў ударамі з 20 м. У другім тайме гаспадары прадаўжалі кантраляваць ход паядынку, і на зыходзе гадзіны гульнявога часу Філіпэ Каўціньё далёкім ударам завяршыў камбінацыю, пачатую Ліянэлем Месі – 3:0.

Лідар італьянскага першынства турынскі „Ювентус” пасля нічыёй у Амстэрдаме з галандскім „Аяксам” (1:1) у сябе дома адкрыў лік на 28-й мінуце пасля ўдару Крышціяну Раналду. Аднак гаспадары нядоўга былі наперадзе: праз 5 мінут Доні ван дэ Бек аднавіў раўнавагу ў ліку. Пасля перапынку госці дабіліся яшчэ большага – Матэйс дэ Лігт вывеў „Аякс” наперад – 2:1. Усе спробы „Ювентуса” адыграцца да поспеху не прывялі і далей ідзе галандская дружына.

belta.by