Азаранка перамагла Уільямс і выйшла ў фінал US Open



Азаранка пераадолела „сцяну” Уільямс

У паўфінале адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе беларуска Вікторыя Азаранка дамаглася валявой перамогі над грознай амерыканкай Сірэнай Уільямс — 1:6, 6:3, 6:3. Матч доўжыўся 1 гадзіну 55 хвілін. Цікава, што да гэтага з 10 сустрэч на турнірах Grand Slem Азаранка нязменна саступала Уільямс. Адзін раз гэта адбылося ў фінале US Open.

У фінале Вікторыя Азаранка сустрэнецца з японкай Наомі Осакай, якая ў сваім паўфінале адолела амерыканку Джэніфер Брэдзі. Азаранка выступіць у фінале „мэйджара” упершыню з 2013 года.

Хакеісты Юнацтва»  святкавалі другую перамогу ў чэмпіянаце Беларусі

Хакеісты менскага „Юнацтва” святкавалі другую перамогу ў чэмпіянаце Беларусі. У хатнім паядынку на „Чыжоўка-Арэне” яны адолелі „Дынама-Маладзечна” з лікам 3:2. Матч праходзіў з перавагай „Юнацтва”, аднак першымі вызначыліся маладзечанскія хакеісты. У другім перыядзе галявую атаку сваёй дружыны завяршыў Генадзь Касінскі. У пачатку заключнай трэці паядынку мінчане правялі дзве галявыя атакі запар. На 42-й хвіліне лік эфектным кідком зраўняў Міхаіл Стэфановіч, калі яго каманда гуляла ў большасці. Затым вызначыўся Уладзіслаў Бойка. Маладзечанцы змаглі аднавіць раўнавагу. Ўзяцце брамкі мінчанаў запісаў на свой рахунак Герман Яваш. Аднак на 53-й хвіліне Уладзіслаў Бойка ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы – 3:2.

Яшчэ ў адным цэнтральным матчы экстралігі „Шахцёр” з Салігорску разграміў гарадзенскі „Нёман” – 4:1. У пераможцаў шайбы закінулі Аляксандр Маляўка, Раман Крыкуненка і Аляксандр Жыдкіх з Яўгенам Дадонавым. „Гомель” не пакінуў шанцаў аршанскаму „Лакаматыву” – 5:2.

Куды больш драматычна складваўся паядынак паміж „Магілёвам” і „Металургам-Жлобін”. Каманда з абласнога цэнтра выйграла з мінімальнай перавагай – 3:2. Наступны тур у элітным дывізіёне чэмпіянату Беларусі па хакеі адбудзецца 12 верасня.

Сасновіч прабілася ў чвэрцьфінал тэніснага турніру ў Стамбуле

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч атрымала другую перамогу на турніры ў турэцкім Стамбуле з прызавым фондам 202 тысячы даляраў. У трохсэтавым паядынку за выхад у чвэрцьфінал беларуска адолела славацкую тэнісістку Ганну Шмідлаву – 6:7(5:7), 6:4, 6:3. Сустрэча працягвалася амаль тры гадзіны. У матчы за месца ў паўфінальнай стадыі Аляксандра Сасновіч сустрэнецца з пераможцай гульні паміж французскай тэнісісткай Каралін Гарсіяй і чэшкай Тэрэзай Марцінцавай.

„Мінчанка” саступіла „Ліпецку” ў стартавым матчы папярэдняга этапу Кубка Расіі

„Мінчанка” саступіла „Ліпецку” ў стартавым матчы папярэдняга тура Кубка Расіі на тай-брэйку – 2:3. З вялікай цяжкасцю выйграўшы дзве партыі мінская каманда не змагла ўтрымаць перавагу і ў астатніх трох сэтах верх бралі валейбалісткі „Ліпецка”. Расійская дружына перасягнула беларусак у нападзе. Заўтра „Мінчанка” згуляе паядынак супраць „Туліцы” з Тульскай вобласці. У суботу падначаленыя Станіслава Салікава памераюцца сіламі з ніжагародскай „Спартай”, а ў заключны дзень турніру будуць змагацца з „ЮЗГУ-атам” з Курска. Для таго каб патрапіць у паўфінал Кубка Расіі беларускам трэба фінішаваць у сваёй групе не ніжэй за другое месца.

Футбалісткі „Мінска” разграмілі БОЦОР ў матчы жаночага чэмпіянату Беларусі

Футбалісткі двух сталічных клубаў па-рознаму правялі матчы 16-га тура жаночага чэмпіянату Беларусі. Дзеючыя чэмпіёнкі краіны спартоўкі ФК „Мінск” разграмілі ў гасцях аўтсайдэраў турніру выхаванак Берасцейскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву з лікам 10:0. Уладальніцы срэбра мінулага нацыянальнага першынства футбалісткі сталічнай „Зоркi-БДУ” на хатняй арэне згулялі ўнічыю з гарадзенскім „Нёманам” – 1:1.

Міністэрства аховы здароўя ўвяло 14-дзённы каранцін для Ізраіля. Берасцейскаму „Дынама” хутка гуляць з „Макабі” на выездзе

Міністэрства аховы здароўя Беларусі змяніла спіс краін, па вяртанні з якіх грамадзянам давядзецца адбыць 14-дзённы карантын. У табліцу ўключаны Ізраіль, Чарнагорыя, Іспанія, Андора і Мальта. Цікава, што 16 верасня берасцейскае „Дынама” згуляе на выездзе з „Макабі” з Тэль-Авіва ў матчы 3-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў. Такім чынам, па вяртанні з Ізраіля берасцейцам па літары закону давядзецца адправіцца ў каранцін на два тыдні. Сярод выключэнняў няма згадкі аб спартоўцах.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя