Бакай падпіша кантракт з берасцейскім „Дынама”



Албанскі паўабаронца „Шахцёра” Эліс Бакай дасягнуў дамоўленасці з берасцейскім „Дынама”. Хаўбек падпіша двухгадовы кантракт, яго зарплата ў „Дынама” будзе вышэй, чым у „Шахцёры”. Адным з важных фактараў для Бакая стане магчымасць згуляць у Лізе чэмпіёнаў. Таксама адзначаецца, што з албанцам перамовы вёў бос „Дынама”. У чэмпіянаце Беларусі-2019 Бакай правёў 21 матч, забіў 10 галоў і аддаў 11 выніковых перадач.

Раман Дастанко падпісаў аднабаковы кантракт з менскім „Дынама”

Беларускі абаронца Раман Дастанко па выніках праглядальнага кантракту падпісаў аднабаковае пагадненне з менскім „Дынама”. Кантракт разлічаны да канца сезона, адзначае прэс-служба „зуброў”. Абаронца правёў у КХЛ тры матчы, у якіх набраў 2 ачкі (1+1) з паказчыкам карыснасці „+6”.

Каманда беларускі Марыны Слуцкай стала 2-й на спаборніцтвах клубнага чэмпіянату Еўропы па дзюдо

Каманда беларускай спартоўкі Марыны Слуцкай (вагавая катэгорыя звыш 70 кг) стала другой на спаборніцтвах клубнага чэмпіянату Еўропы па дзюдо, які прайшоў у Партугаліі. Марына Слуцкая выступала за іспанскі клуб „Валенсія”. Каманда беларускі ішла з лікам 2:2. Марына Слуцкая выйграла вырашальны паядынак, дзякуючы чаму „Валенсія” выйшла ў паўфінал. Аналагічная сітуацыя атрымалася ў барацьбе за выхад у фінал супраць партугальскага клуба, дзе зноў беларуска здабыла вырашальную вікторыю. У сутычцы за залаты медаль іспанская каманда саступіла францужанкам (2:3) і заняла другое месца. Бронзавыя ўзнагароды на рахунку румынскіх і турэцкіх спартовак.

Зборная Беларусі па пляжным футболе перамагла японцаў у таварыскім матчы ў Бразіліі

Зборная Беларусі па пляжным футболе перад стартам на чэмпіянаце свету абыграла каманду Японіі з лікам 6:4 у таварыскім матчы ў бразільскім Рыа-дэ-Жанейра. У складзе беларускай каманды па два галы забілі Ігар Брыштэль, Анатоль Рабко і Ілля Савіч. Сёння беларуская каманда пад пачаткам іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада адправіцца ў Парагвай, дзе 21 лістапада стартуе чэмпіянат свету. Беларускія „пляжнікі” на папярэднім этапе згуляюць у групе С супраць зборных ААЭ (22 лістапада), Сенегала (24 лістапада) і Расеі (26 лістапада).

Лепшая з беларусак Арына Сабаленка па-ранейшаму 11-я

У абноўленым рэйтынгу ВТА ад 18 лістапада ў першай тройцы зменаў не адбылося. Узначальвае рэйтынг Эшлі Барці (Аўстралія), за ёй ідуць Караліна Плішкава з Чэхіі і Наомі Осака з Японіі. Лепшая з беларусак Арына Сабаленка па-ранейшаму займае 11-е месца.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя