„Барысфен” упершыню выйшаў у фінал чэмпіянату Беларусі



Фінальная серыя мужчынскага чэмпіянату Беларусі па баскетболе, у якой згуляюць „Цмокi-Мiнск” і магілёўскі „Барысфен”, стартуе 18 траўня на пляцоўцы „драконаў”.

Калі для менчан выступленне ў вырашальных паядынках за золата прывычная справа (9 папярэдніх сезонаў яны нязменна станавіліся трыумфатарамі), то магілёўская дружына ўпершыню будзе аспрэчваць чэмпіёнскі тытул. Баскетбалісты „Барысфена” ў паўфінальнай серыі да трох перамог здолелі перамагчы сапернікаў з „Гродна-93” – 3:2. У пятым, вырашальным, паядынку, што праходзіў у Гародні, магіляўчане здолелі вырваць перамогу з мінімальнай перавагай 80:79. Галоўны трэнер „Барысфена” Андрэй Крыванос раней узначальваў „Цмокi” і 6 разоў прыводзіў іх да звання чэмпіёнаў краіны.

Для „драконаў” паўфінальная серыя гэтага сезона склалася даволі проста: рэзервісты чэмпіёнаў тройчы перамаглі віцебскі „Рубон”. У вырашальных сустрэчах за золата каманда Аляксандра Круцікава згуляе з асноўным складам.

У барацьбе за бронзавыя ўзнагароды сустрэнуцца няўдачнікі паўфінальных серый „Гродна-93” і „Рубон”.

У жаночым чэмпіянаце Беларусі таксама дамінуюць сталічныя „Цмокі”. Яны змогуць аформіць свой другі запар тытул ужо ў гэту суботу, калі перамогуць у трэцім паядынку фінальнай серыі баскетбалістак „Гарызонта”. У двух папярэдніх матчах жаночая каманда „драконаў” упэўнена перамагла сваіх саперніц – 75:63 і 73:47.

Таксама 19 траўня можа вызначыцца ўладальнік бронзавых узнагарод: баскетбалістам гарадзенскай „Алімпіі” засталося атрымаць усяго адну вікторыю над „Гомелем”. Да гэтага гарадзенская каманда на сваёй арэне двойчы перамагла гамяльчанак – 74:54 і 83:67.

belta.by