Баскетбалісткі „Алімпіі” прайгралі „Кібіркштысу” ў матчы EWBL



У Вільні пачаўся першы ў новым годзе этап жаночай Еўрапейскай баскетбольнай лігі (EWBL). У стартавым матчы другога тура папярэдняй групы А баскетбалісткі гарадзенскай „Алімпіі” прайгралі гаспадару турніру віленскаму „Кібіркштысу” з лікам 59:70. Самай выніковай у складзе гарадзенскай каманды была Наталля Дашкевіч, якая набрала 24 ачкі.

Галоўным трэнерам БАТЭ стаў настаўнік дублюючага складу Аляксандр Міхайлаў

Двухгадовы кантракт у якасці галоўнага трэнера ФК БАТЭ з клубам заключыў Аляксандр Міхайлаў. Да гэтага моманту 37-гадовы спецыяліст паспяхова працаваў з дублюючым складам клуба. У 2019-м, будучы памочнікам Кірыла Альшэўскага, ён стаў чэмпіёнам. А ў мінулым сезоне рэзервісты барысаўчан пад кіраўніцтвам Аляксандра Міхайлава заваявалі срэбра і аформілі шмат рэкордаў. Гэта была самая маладая каманда, якая трапіла ў прызёры за ўсю гісторыю турніру дублёраў.

Галоўным трэнерам „Гомеля” стаў Уладзімір Нявінскі

ФК „Гомель” заключыў кантракт з 48-гадовым спецыялістам Уладзімірам Нявінскім. Як паведамляе афіцыйны сайт клуба, тэрмін пагаднення разлічаны на 2 гады. Будучы гульцом, Уладзімір Нявінскі выступаў за берасцейскае „Дынама”, мінскае „Тарпеда”, магілёўскі „Днепр”, барысаўскі БАТЭ, наваполацкі „Нафтан”, „ПМЦ-Паставы”, сталічны МТЗ-РІПА-2, а таксама ізраільскі „Хапаэль” і венгерскі „Шапрон”. У складзе БАТЭ Нявінскі двойчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі, двойчы заваёўваў срэбраныя ўзнагароды, а ў 2001 годзе і бронзу першынства. У 1992 годзе дапамог берасцейскаму „Дынама” заняць 3 месца ў чэмпіянаце.

Трэнерская кар’ера Уладзіміра Нявінскага стартавала ў МТЗ-РІПА, дзе ён працаваў на працягу двух гадоў. З 2009 па 2017 год спецыяліст уваходзіў у трэнерскі штаб асноўнай каманды БАТЭ, а таксама дублюючага складу барысаўчан. У 2018-2019 гадах быў асістэнтам галоўнага трэнера, а затым і галоўным трэнерам сталічнага „Тарпеда”. У сезонах 2020 і 2021 гадоў Нявінскі працаваў памочнікам галоўнага трэнера ў гарадзенскім „Нёмане”.

Дудар і Пабудзей перайшлі ў „Тарпеда”-БелАЗ

Брамнік Дзмітрый Дудар і абаронца Вадзім Пабудзей падпісалі кантракты з жодзінскім „Тарпеда”-БелАЗам. Выхаванец гарадзенскай ДЮСШ Белкард і мінскага РГУАР Дзмітрый Дудар пачынаў сваю кар’еру ў дублі сталічнага „Дынама”. Затым прайшоў па футбольнай вертыкалі ад другой лігі, дзе выступаў за „Белкард”, праз першую лігу ў „Хіміку” у элітны дывізіён, дзе гуляў за берасцейскае  „Дынама”. Затым выступаў за „Граніт”, „Слуцк” і „Гомель”, а з 2019 года да пераходу ў Жодзіна – у гарадзенскім „Нёмане”. Вадзім Пабудзей таксама прайшоў па ўсіх прыступках — пачаў у першынстве Берасцейскай вобласці, дзе выхаванец ДЮСШ „Агарэвічы” з Ганцавіч гуляў за мясцовы клуб, затым з „Баранавічамі” выйшаў з другой лігі ў першую, а пасля падпісаў кантракт з берасцейскім „Дынама”. У яго кар’еры былі таксама „Іслач”, „Луч”, „Дняпро” і казахстанскі „Жэтысу”, а мінулы сезон Вадзім правёў у „Гомелі”, адкуль атрымаў выклік у нацыянальную зборную, нагадвае прэс-служба „Тарпеда”.

Сабаленка засталася другой, Сасновіч паднялася на 30 месцаў у рэйтынгу WTA

Беларуска Арына Сабаленка захавала за сабой другую пазіцыю ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA).

Лепшая беларуская тэнісістка няўдала выступіла на турніры ў аўстралійскай Адэлаідзе і зараз мае ў сваім актыве 6351 ачко. Экс-першая ракетка свету Вікторыя Азаранка знаходзіцца на 25-м радку, Аляксандра Сасновіч, якая прабілася ў фінал турніру ў аўстралійскім Мельбурне, узнялася адразу на 30-пазіцый – са 107-га на 77-е месца, Вольга Гаварцова займае 138-ы радок, у Юліі Гатоўкі 187-е месца. Узначальвае рэйтынг аўстралійка Эшлі Барці. На трэцім месцы – іспанка Гарбін Мугуруса.  У мужчынскім рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў найлепшы з беларусаў Ілля Івашка займае 48-е месца. У першай тройцы рэйтынгу серб Новак Джокавіч, расеец Данііл Мядзведзеў і прадстаўнік Германіі Аляксандр Звераў.

КХЛ не будзе спыняць рэгулярны чэмпіянат з-за каронавіруса

Адбылася аператыўная нарада кіраўніцтва КХЛ па пытаннях правядзення рэгулярнага чэмпіянату, на якой Ліга прыняла рашэнне не спыняць бягучы сезон з-за каронавіруса. Было вырашана, што матчы клубаў, дзе ёсць пагроза масавага заражэння, будуць адмяняцца, а каманды, эпідэміялагічная сітуацыя ў якіх стабільная, працягнуць гуляць.

11 студзеня Ліга правядзе відэаканферэнцыю з клубамі КХЛ для абмеркавання бягучай сітуацыі, сцэнароў завяршэння рэгулярнага чэмпіянату і правядзення плэй-оф.

З пачатку года Ліга адмяніла ўжо 13 матчаў. Масавыя выпадкі заражэння каронавірусам былі выяўлены ва ўфімскім „Салаваце Юлаеве”, маскоўскім ЦСКА, рыжскім „Дынама” і екацярынбургскім „Аўтамабілісце”.

Беларускае Радыё Рацыя