Баскетбалісткі „Цмокi-Мiнск” прайгралі „Ніцы” ў матчы EWBL



У Менску пачаўся чарговы этап спаборніцтваў каманд групы В розыгрышу Еўрапейскай жаночай баскетбольнай лігі. У першым матчы баскетбалісткі „Цмокi-Мiнск” прайгралі расейскаму клубу „Ніка” з Сыктыўкара – 67:72. Першую палову чэмпіёнкі Беларусі выйгралі з перавагай у сем ачкоў – 44:37, але пасля вялікага перапынку госці перахапілі ініцыятыву і ў выніку перамаглі з перавагай у 15 балаў. Сёння „Цмокi” сустрэнуцца з літоўскім „Кібіркшцісам” з Вільні, „Ніка” будзе супернічаць з гарадзенскай „Алімпіяй”, а лідары цяперашняга беларускага чэмпіянату – спартоўкі „Гарызонта” – згуляюць з латвійскім ТТТ з Рыгі.

Хакеісты „Гомеля” абыгралі гарадзенскі „Нёман”

Хакеісты „Гомеля” абыгралі гарадзенскі „Нёман” у гасцявым матчы чэмпіянату Беларусі. Гульня завяршылася на карысць падначаленых Сяргея Стася з лікам 3:1. Матч праходзіў з перавагай гасцей, якія ўжо ў першым перыядзе змаглі забяспечыць сабе камфортную розніцу ў ліку. Першую шайбу ў „рысяў” закінуў Ілля Камбовіч, які на другой хвіліне матчу завяршыў камбінацыю, распачатую Мікалаем Суслам і Ягорам Івановым. Прайшло яшчэ 11 секунд сустрэчы, і Антон Елісеенка падвоіў перавагу гасцей. Зноў асістэнцкім балам вызначыўся Мікалай Сусла, якому аддаў перадачу Павел Воранаў. Гарадзенцы прыклалі ўсе намаганні, каб адыграцца. У другім перыядзе ім атрымалася закінуць шайбу. На 21-й хвіліне вызначыўся Сяргей Маляўка. Аднак на гэтым галявыя поспехі гаспадароў пляцоўкі скончыліся. Гамяльчане жа, насупраць, вызначыліся яшчэ раз. У большасці шайбу закінуў Аляксандр Скарэнаў з дапамогай Віталя Кудрына і Рамана Рачынскага. Заключная трэць матча прайшла ў спробах „Нёмана” змяніць сітуацыю на пляцоўцы, аднак усе спробы гарадзенскіх хакеістаў скончыліся беспаспяхова.

У яшчэ адным матчы сталічнае „Юнацтва” з буйным лікам 7:2 абыграла „Магілёў”. Важкі ўклад у поспех сталічнай дружыны ўнёс форвард „Юнацтва” Дзяніс Мінгалееў, які вызначыўся тройчы. У Маладэчне мясцовае „Дынама” з тым жа лікам 2:7 саступіла жлобінскаму „Металургу”‚.

Максім Сушко бліжэйшым часам пакіне менскае „Дынама”

Беларускі форвард Максім Сушко ў бліжэйшы час пакіне менскае „Дынама”. Форварда адклікае „Філадэльфія”, з якой у яго дзейнічае кантракт пачаткоўца. Сезон у НХЛ пачнецца сёння, ёсць падставы меркаваць, што спачатку Максім далучыцца да каманды АХЛ „Ліхай-Уэле Фантомс”, за якую ў мінулым сезоне набраў 21 ачко ў 53 матчах. У цяперашнім сезоне КХЛ Сушко набраў 5 (2 + 3) ачкоў у 30 матчах пры паказчыку карыснасці „-3”.

„Дынама-Брэст” афіцыйна стаў дзяржаўным

З 12 студзеня футбольны клуб „Дынама-Брэст” афіцыйна стаў дзяржаўным. Старшыня гарвыканкама абяцае назваць імя новага гендырэктара клуба сёння. Ідэя складаецца ў тым, каб выбудаваць адзіную сістэму падрыхтоўкі футбалістаў Берасцейскай вобласці, сказаў начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Мікалай Глушэня.

Паводле яго слоў, важна зрабіць так, каб „Дынама” стаў клубам, для якога працуюць усе аддзяленні ў вобласці. Таксама стала вядома, чым будзе займацца Аляксандр Зайцаў – адзін з ідэйных натхняльнікаў каманды. Дамова з „Дынама” ў яго скончылася 31 снежня, і цяпер, па неафіцыйнай інфармацыі, ён пераключыцца на берасцейскі „Рух”.

Аляксей Рыас пераведзены ў дубль менскага „Дынама”

Менскае „Дынама” выйшла з адпачынку. Група гульцоў асноўнага складу прыступіла да традыцыйнага медыцынскага абследавання, якое прайшло ў сценах медыцынскага цэнтра МТЗ. Напярэдадні да абследавання прыступіла другая група футбалістаў, а ў другой палове дня каманда сабралася на базе ў Стайках. Да працы з дублюючым складам пераведзены Аляксей Рыас, у бліжэйшы час будзе вырашана пытанне з працягненнем тэрмінаў арэнды абаронцаў Дамініка Дынгі і Арцёма Сухоцкага. На гэтым тыдні каманда будзе трэніравацца ў аднаразовым рэжыме. На наступным тыдні запланаваны кантрольны спарынг супраць дублюючага складу мінскага „Дынама”, паведамляе прэс-служба клуба.

«Атлетыка» ўпэўнена абыграў «Севілью» і ўмацаваў лідарства ў чэмпіянаце Іспаніі

У Мадрыдзе адбылася перанесеная сустрэча 1-га тура чэмпіянату Іспаніі паміж «Атлетыка» і «Севільяй», у якой мацнейшымі апынуліся гаспадары поля — 2:0. Лік быў адкрыты на 17-й хвіліне сустрэчы – з перадачы Кірана Трып’ера вызначыўся Анхель Карэа. На 76-й хвіліне, гульцы «Атлетыка» дзякуючы забітаму мячу Саўля ўмацавалі сваю перавагу і ўсталявалі канчатковы лік сустрэчы. «Атлетыка», маючы ў сваім актыве 41 ачко і яшчэ 2 гульні ў запасе, займае 1-е месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Іспаніі, апярэджваючы бліжэйшага пераследніка ў асобе мадрыдскага «Рэала» на 4 ачкі. «Манчэстар Юнайтэд» на выездзе перамог «Бёрнлі». Адзіны гол быў забіты на 71-й хвіліне матчу Маркусам Рашфардам  і выйшаў у адзінаасобныя лідары АПЛ.  «Мілан» пасля матчу без галоў абыграў «Тарына» ў серыі пенальці 5:4 і прайшоў у 1/4 фіналу Кубка Італіі.

Спартоўцы Гарадзеншчыны выйгралі каманднае першынства чэмпіянату Беларусі па вольнай барацьбе

Спартоўцы Гарадзенскай вобласці выйгралі каманднае першынства чэмпіянату Беларусі па вольнай барацьбе. Турнір сёння завяршыўся ў сталічным Палацы спорту. На рахунку пераможцаў 225 ачкоў. Другое месца пакінулі за сабой спартоўцы Гомельскай вобласці (160 ачкоў). Замкнула тройку наймацнейшых дружына Магілёўскай вобласці (133).

У асабістым першынстве „вольнікі” з Гарадзенскай вобласці сталі ўладальнікамі шасці залатых медалёў намаганнямі Арыяна Цюціна (57 кг), Асадулы Лачынава (61 кг), Нюргуна Скрабіна (65 кг), Магомедхабіба Кадзімагамедава (74 кг), Андрэя Карпача (79 кг) і Аляксандра Гуштына (97 кг).

Кудзерметава стала суперніцай Сабаленкі ў фінале турніру ў Абу-Дабі

Расійская тэнісістка Вераніка Кудзерметава выйшла ў фінал турніру ў Абу-Дабі, дзе сустрэнецца з дзясятай ракеткай планеты беларускай Арынай Саболенкай. У другім паўфінале расіянка, якая займае 46-е месца ў сусветным рэйтынгу, выйграла ў двух партыях ва ўкраінкі Марты Касцюк, у якой 99-я пазіцыя ў рэйтынгу WTA, – 7:6 (10: 8), 6:4. У першым паўфінальным паядынку Арына Сабаленка ўсяго за гадзіну ўпэўнена перайграла грэцкую тэнісістку Марыю Сакары – 6:3, 6:2.

Беларускае  Радыё Рацыя