Баскетбалісткі „Цмокi-Мінск” заваявалі бронзу чэмпіянату Беларусі



Баскетбалісткі „Цмокi-Мінск” сталі ўладальніцамі бронзавых медалёў жаночага чэмпіянату Беларусі, выйграўшы серыю за 3-е месца ў гарадзенскай „Вікторыі” з сухім лікам 3:0. У трэцім паядынку, які адбыўся ў Гародні, падначаленыя Андрэя Ваўлева перамаглі 73:38. Да гэтага менчанкі двойчы выйгралі ў сябе дома – 70:61 і 85:60.
У серыі за золата 30-га нацыянальнага першынства дзейным чэмпіёнкам краіны баскетбалісткам „Гарызонта” да другога запар тытула засталася адна перамогу над гарадзенскай „Алімпіяй”. У двух стартавых паядынках падначаленыя Наталлі Трафімавай выйгралі – 68:61 і 82:48. Трэцяя сустрэча адбудзецца ў панядзелак.

Гандбол. Даніэль Горда і Нуну Фарэлу пакінулі БГК

Даніэль Горда і Нуну Фарэлу пакідаюць берасцейскі БГК. „У пачатку сакавіка частка гульцоў, а таксама трэнерскі штаб пакінулі клуб у адпаведнасці з рэкамендацыямі пасольстваў сваіх краін да стабілізацыі сітуацыі. Тады іспанец Даніэль Горда і партугалец Нуну Фарэлу вярнуліся на радзіму, а выконваць абавязкі галоўнага трэнера стаў запрошаны з Гародні Дзмітрый Ціхан. Дапамагаюць яму ў забеспячэнні трэніровачнага працэсу спартовы дырэктар Павел Башкін і трэнер па брамніках Раланда Пушнік, які застаўся ў штабе”, — гаворыцца ў заяве прэс-службы. Горда і Фарэлу звярнуліся з просьбай датэрмінова скасаваць кантракты.

Менскі ХК „Дынама” пакінулі чатыры легіянеры

Менскі ХК „Дынама” пакідаюць чатыры легіянеры. Па дамове бакоў кантракты скасаваныя з Патрыкам Рыбарам, Мальце Стрэмвалем, Якубам Крэйчыкам і Лібарам Гудачкам. У рэгулярным сезоне 2021/2022 галкіпер Патрык Рыбар правёў 24 гульні, у 10 перамог пры паказчыку надзейнасці 90,4 працэнта. У раўндзе плэй-оф славацкі брамнік выходзіў на лёд двойчы. Мальце Стрэмваль згуляў за менчан у 38 матчах чэмпіянату, набраўшы 32 (19+13) ачкі. У плей-оф шведскі форвард вызначыўся 4 баламі ў чатырох гульнях. Па выніках сезона Мальце Стрэмваль быў прызнаны заўзятарамі „Дынама” лепшым гульцом каманды. Абаронца Якуб Крэйчык у форме „зуброў” правёў 30 матчаў, у якіх зарабіў 7 асістэнцкіх балаў. Нападнік Лібар Гудачак далучыўся да клуба па ходзе сезона і ў шасці матчах набраў 4 ачкі.

„Мінск” перамог „Слуцк” ў першым матчы 4-га тура чэмпіянату Беларусі

Футбалісты „Мінска” святкавалі валявую вікторыю над „Слуцкам” з лікам 4:2 у першым матчы 4-га тура чэмпіянату Беларусі. На 24-й хвіліне сустрэчы ў Слуцку паўабаронца гаспадароў Сяргей Глебка адкрыў лік, а потым менчане забілі чатыры галы запар. Яшчэ да перапынку вызначыліся Ягор Багамольскі і Данііл Душэўскі, а ў другой палове гульні Аляксандр Джыгера і Уладзімір Хвашчынскі яшчэ двойчы трапілі ў брамку Іллі Бранаўца. У кампенсаваны час гульні форвард „Слуцка” Максім Санец усталяваў канчатковы лік – 4:2 на карысць „Мінска”.
Сёння, 16 сакавика, у цэнтральным паядынку дзейны чэмпіён краіны „Шахцёр” прыме ў Салігорску лідара турніру барысаўскі БАТЭ.

„Мілан” абыграў „Джэноа”

Футбалісты „Мілана” абыгралі „Джэноа” ў матчы 33-га тура чэмпіянату Італіі. У пераможцаў галамі адзначыліся Рафаэл Леау і Жуніёр Месіяс.
Яшчэ адзін міланскі клуб „Інтэр” выйграў ў гасцях у „Спецыі” 3:1. У пераможцаў вызначыліся Марцэла Брозавіч, Лаўтара Марцінэс і Алексіс Санчэс.

Нападнік данецкага „Шахцёра” Фернанда працягне кар’еру ў „Лейпцыгу”

Нападнік „Шахцёра” Фернанда працягне кар’еру ў Германіі. 23-гадовы бразілец пяройдзе ў „Лейпцыг”, паведамляе „Спорт-Экспрэс” са спасылкай на інфармацыю журналіста Фабрыцыа Рамана. Па версіі крыніцы, здзелка знаходзіцца ў завяршальнай стадыі. Гулец будзе выступаць за нямецкі клуб з наступнага сезона. Ён закліканы замяніць Карыма Адэемі, які павінен перабрацца ў дортмундскую „Барусію”. Кантракт Фернанда з „Шахцёрам” быў разлічаны да 2024 года. У гэтым сезоне бразілец забіў два галы ў пяці матчах Лігі чэмпіёнаў.

Польшча і Славенія прымуць чэмпіянат свету па валейболе, які павінен быў прайсці ў Расеі

„Польшча і Славенія прымуць перанесены чэмпіянат свету па валейболе сярод мужчын у 2022 годзе. „Абедзве краіны маюць паспяховы вопыт правядзення мерапрыемстваў FIVB і добра падрыхтаваны для правядзення чэмпіянату свету”, — сказаў прэзідэнт FIVB Ары Граса.
Украіна заменіць зборную Расеі ў турніры, бо ўкраінскія спартоўцы маюць найвышэйшы рэйтынг сярод каманд, якія не прабіліся ў фінальную частку сусветнага першынства.

Беларускае Радыё Рацыя