Баскетбалісты „Цмокi-Менск” прайгралі УНІКСу



Баскетбалісты „Цмокi-Менск” пацярпелі сёмую паразу ў матчах Адзінай лігі ВТБ. У хатнім паядынку падначаленыя Расціслава Вергуна на пляцоўцы „Менск-Арэны” прымалі аднаго з галоўных фаварытаў „банкаўскага” турніру казанскі УНІКС і прайгралі 72:92. Самым выніковым у складзе менчукоў стаў Джэйсан Кларк, у актыве якога 20 ачкоў. Сваю наступную гульню ў Адзінай лізе ВТБ менскія баскетбалісты правядуць 18 снежня ў Краснаярску з „Енісеем”.

Сяргей Верамко растаўся з „Менскам”

Галкіпер Сяргей Верамко растаўся з „Менскам”. „Скончыўся кантракт з нашым клубам у галкіпера „гараджан” Сяргея Верамко. Сяргей прыйшоў у „Менск” у 2018 годзе і на працягу чатырох сезонаў быў не толькі капітанам і асноўным брамнікам „гараджан”, але і перадаваў свой вялізны вопыт маладым брамнікам ужо ў якасці настаўніка. За наш клуб у чэмпіянатах краіны экс-галкіпер нацыянальнай зборнай Беларусі правёў 48 матчаў. Футбольны клуб „Менск” дзякуе Сяргею Мікалаевічу за працу і жадае поспехаў у далейшай трэнерскай кар’еры”, — гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайта клуба.

Шымановіч не выйшла ў асноўную сетку турніру ў Анжэ

Беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч не здолела прабіцца ў асноўную сетку турніру катэгорыі WTA-125 у французскім Анжэ з прызавым фондам 115 тысяч даляраў. У вырашальным паядынку кваліфікацыйнага раунда беларуска, якая займае 268-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла ў дзвюх партыях расійскай тэнісістцы Наталлі Віхлянцавай, якая займае 245-ю пазіцыю, – 5:7,1:6.

Ігар Мартынаў выведзены са спісу траўмаваных „Дынама”

Нападнік мінскага „Дынама” Ігар Мартынаў выведзены са спісу траўмаваных. Пра гэта паведамляе прэс – служба каманды. Форвард „зуброў” завяршыў аднаўленне пасля траўмы і камандзіраваны ў фарм-клуб. Ужо сёння Мартынаў зможа згуляць за салігорскі „Шахцёр” у матчы экстралігі супраць жлобінскага „Металурга”.

Жаночая зборная Беларусі займае трэцяе месца ў Кубку нацый

Жаночая зборная Беларусі па біятлоне займае трэцяе месца ў Кубку нацый пасля двух этапаў у Эстэрсундзе. Лідыруе ў табліцы каманда Швецыі, другой ідзе Францыя. Мужчынская беларуская каманда ў аналагічным заліку размяшчаецца на сёмай пазіцыі.

Беларускім спартоўцам збіраюцца забараніць паходы да букмекераў

Беларускім спартоўцам збіраюцца забараніць паходы да букмекера. Падобная норма будзе ўключана ў дзеючы Закон „Аб фізічнай культуры і спорце”. Удзельнікам спаборніцтваў збіраюцца забараніць рабіць стаўкі на спорт, перадае «Трыбуна». Аднак не гаворыцца, якое пакаранне будзе прымяняцца.

Беларускае Радыё Рацыя