Баскетбалісты „Цмокi-Мінск” прайгралі ў пятым туры Кубка ФІБА-Еўропа
Баскетбалісты „Цмокi-Мінск” пацярпелі паразу ў перадапошнім паядынку групавога этапа Кубка ФІБА-Еўропа. У матчы пятага тура спаборніцтваў у папярэдняй групе G падначаленыя Расціслава Вергуна на пляцоўцы менскага Falcon Club буйна прайгралі нямецкаму „Кральсхайму” – 72:95. Самым карысным у складзе «цмокаў» стаў Джэйсан Кларк, у актыве якога 17 ачкоў, 7 падбораў і 6 выніковых перадач.
„Шахцёр” паўторна саступіў „Дзюрэну” і вылецеў на стадыі 1/32 фіналу ЕКВ
Салігорскі „Шахцёр” прайграў нямецкаму „Дзюрэну” ў матчы ў адказ 1/32 фіналу Кубка ЕКВ — 0:3. У першай сустрэчы беларускі клуб саступіў з аналагічным лікам.
Марозава і Храмачова не прайшлі ў фінал тэніснага турніру ў Лінцы
Беларуская тэнісістка Лідзія Марозава і расіянка Ірына Храмачова не здолелі прабіцца ў фінал парнага разраду турніру катэгорыі WTA-250 у аўстрыйскім Лінцы з прызавым фондам 235 тысяч даляраў. У паўфінальным матчы яны ўступілі ў двух сэтах прадстаўніцам Расеі Натэлі Дзаламідзэ і Каміле Рахімавай – 4:6, 2:6.
Зборная Беларусі адправілася ў Славенію. Склад скараціўся да 21 гульца
Зборная Беларусі па хакеі адправілася ў славенскую Ясеніцу, дзе стартуе міжнародны турнір з удзелам каманды гаспадароў, а таксама Беларусі, Аўстрыі і Францыі. Кіраваць беларускімі хакеістамі на „Кубку чатырох нацый” будуць Канстанцін Кальцоў і Міхаіл Грабоўскі, дапамагаць ім – Дзмітрый Астапенка. Крэйг Вудкрафт застаўся ў Менску па медыцынскіх паказаннях. Перад адпраўкай у Славенію ростер зборнай скараціўся на дзевяць хакеістаў. На турнір па розных прычынах не паедуць абаронцы Уладзіслаў Яроменка, Ілля Сушко і Данііл Макрушаў, нападнікі Данііл Сабко, Аляксей Кацялоўскі, Максім Мельнікаў, Мікіта Рэмезаў, Насер Субхі і Алег Качалоўскі, інфармуе hockey.by. Такім чынам, трэнерскі штаб зборнай Беларусі зможа разлічваць у Ясеніцы на 21 хакеіста.
Стывен Джэрард узгадніў пераход у „Астан Вілу”
Галоўны трэнер „Рэйнджэрс” і легенда „Ліверпуля” Стывен Джэрард блізкі да вяртання ў прэм’ер-лігу. У найбліжэйшыя дні ён стане рулявым „Астан Вілы”, якая ў нядзелю звольніла Дзіна Сміта. На гэты момант бірмінгемская каманда ідзе на 15-м месцы ў чэмпіянаце Англіі. 41-гадовы спецыяліст з 2018 года працуе ў „Рэйнджэрс”, з якім выйграў шатландскую прэм’ер-лігу ў 2021 годзе. Клуб з Глазга атрымае кампенсацыю за пераход Джэрард у памеры 2-3 мільёнаў фунтаў. Чакаецца, што аб прызначэнні Джэрард аб’явяць на працягу двух дзён.
Жаночы ЧС па боксе адкладзены да сакавіка 2022 года
Чэмпіянат свету па боксе сярод жанчын перанесены на сакавік 2022 года з-за кавідных абмежаванняў. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце Міжнароднай асацыяцыі бокса (AIBA). Спаборніцтвы павінны былі прайсці 6-19 снежня 2021 года ў Стамбуле. Раней было прынята рашэнне павялічыць колькасць вагавых катэгорый у жаночым боксе з 10 да 12. Упершыню ў гісторыі чэмпіянатаў свету, як і на мужчынскім планетарным форуме ў Сербіі, пераможцы турніру атрымаюць па $100 тыс., сярэбраныя прызёры – па $50 тыс., а бронзавыя – па $25 тыс.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
