БАТЭ няўдала завяршыў матч кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў



У першым матчы паядынку кваліфікацыйнага раўнду футбольнай Лігі чэмпіёнаў барысаўскі БАТЭ разышоўся мірам з чэмпіёнам Арменіі „Алашкертам” – 1:1.

Склад чэмпіёна Беларусі ў гэтай гульні быў не аптымальным. Прапускаў матч яшчэ з-за мінулагодніх грахоў дыскваліфікаваны форвард Віталь Радзівонаў. Затое дэбютаваў за жоўта-сініх Станіслаў Драгун. Таксама вярнуўся з арэнды ў стан БАТЭ нападнік Мікалай Сігневіч. 

У першым тайме БАТЭ меў значную перавагу, шмат атакаваў, але завяршэнне камбінацый было нейкім нягеглым. Некалькі добрых момантаў сапсаваў няўклюдны ў гэты вечар вяртанец Сігневіч. Непадобны на сябе быў Міхаіл Гардзяйчук.

І ўсё ж незадоўга да перапынку барысаўцы дамагліся поспеху. Гэта Ігар Стасевіч выразаў класны крос у штрафную і Аляксей Рыас удала згуляў галавой.

Пасля перапынку БАТЭ знізіў тэмп і жорстка за гэта паплаціўся. Трывожным званочкам прагучаў стрэл армянскага футбаліста ў папярэчыну. А незадоўга да канца сустрэчы няўдала згуляў брамнік беларускага клуба Дзяніс Шчарбакоў. Перахопліваючы просценькі прастрэл, ён нязграбна выкінуў мяч на Рыаса, ад якога той заляцеў у браму БАТЭ. Лік стаў 1:1. Запознены штурм БАТЭ галоў больш не прынёс. Перад матчам у адказ стратэгічную перавагу атрымаў „Алашкерт”.

Беларускае Радыё Рацыя