БАТЭ, „Нёман”, „Слуцк” і „Віцебск” прайшлі ў 1/8 фіналу Кубка Беларусі



У розыгрышы футбольнага Кубка Беларусі вызначыліся першыя ўдзельнікі 1/8 фіналу. Фіналіст папярэдняга кубкавага турніру барысаўскі БАТЭ абыграў у Пінску мясцовы клуб „Стэнлес” з лікам 2:1. Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” на выездзе выйгралі ў „Асіповічаў” – 3:1, а „Слуцк” з такім жа лікам узяў верх над „Смаргонню”. У Рагачове мясцовы „Макслайн” толькі ў дадатковы час саступіў „Віцебску” – 2:3. Сёння адбудуцца яшчэ дзевяць паядынкаў 1/16 фіналу.

Сасновіч і Марозава выйшлі ў 1/4 фіналу парнага разраду турніру ў Бад-Хомбургу

Дзве беларускія тэнісісткі прабіліся ў чвэрцьфінал парнага разраду турніру ў нямецкім Бад-Хомбургу з прызавым фондам 251 тысяча даляраў. У 1/8 фіналу Аляксандра Сасновіч і славачка Тэрэза Міхалікава абыгралі ў дзвюх партыях бельгійска-венгерскі дуэт Грэцье Мінэн / Ганна Бондар – 6:3, 7:5. У матчы за выхад у паўфінал беларуска-славацкая пара сустрэнецца з беларускай Лідзіяй Марозавай і амерыканкай Кейтлін Крысціян, якія адолелі нямецка-брытанскі тандэм Вівіян Хайзэн / Саманта Марэй – 5:7, 7:6 (9:7), 10:8. На старце адзіночнага разраду Аляксандра Сасновіч саступіла французскай тэнісістцы Каралін Гарсіі – 6:2, 3:6, 4:6.

„Рух” не выплаціў „Белшыне” кампенсацыю за падрыхтоўку Баркоўскага

У Доме футбола адбылося чарговае паседжанне Камітэта па статусе і пераходах футбалістаў БФФ. Камітэт спыніў вытворчасць па заявах „Белшыны” на адрас берасцейскага „Руху” аб невыкананні рашэння Камітэта ад 1 красавіка аб выплаце кампенсацыі за падрыхтоўку і навучанне Германа Баркоўскага ў сувязі са знаходжаннем у „Футбольным клубе „Рух” у працэдуры ліквідацыі, паведамляе прэс– служба БФФ. Баркоўскі цяпер выступае за „Іслач” на правах арэнды.

„Менск” дзявяты раз выйграў чэмпіянат Беларусі па хакеі на траве

Спартоўцы „Менска” дзявяты раз запар сталі чэмпіёнамі Беларусі па хакеі на траве. У вырашальным паядынку за залатыя медалі мінчане разграмілі на сваім полі берасцейскі „Будаўнік” з лікам 7:2. У гэтай гульні ў складзе пераможцаў тройчы вызначыўся Уладзіслаў Белавусаў. Да гэтага супернікі святкавалі па дзве вікторыі, абмяняўшыся перамогамі ў Менску і Берасці. У серыі за 3-е месца „Гроднааблспорт” перайграў СДЮШАР „Брэстжылбуд” – 2:0, 6:0 і 3:0 і заваяваў бронзавыя медалі.

Мэцьюс – самы каштоўны гулец сезону па абедзвюх версіях

Нападнік „Таронта” Астан Мэцьюс стаў уладальнікам „Харт Трофі” — самага прэстыжнага індывідуальнага прыза, які ўручаецца самаму каштоўнаму гульцу для сваёй каманды ў рэгулярным чэмпіянаце НХЛ. У 73 матчах мінулага сезона на рахунку амерыканца 106 (60+46) ачкоў. У апытанні чальцоў Асацыяцыі прафесійных хакейных журналістаў Мэцьюс набраў 1630 балаў, апярэдзіўшы форварда „Эдмантана” Конара Макдэвіда (1111 ачкоў), мінулагодняга ўладальніка ўзнагароды.

Эйсмант: у выніку санкцый мы згубім частку спартыўнага вяшчання на „Беларусь 5”  

Старшыня Белтэлерадыёкампаніi Іван Эйсмант пракаментаваў наступствы санкцый, якія нядаўна былі ўведзены супраць Белтэлерадыёкампаніі. Спачатку была прыпынена дзейнасць кампаніі ў Еўрапейскім вяшчальным звязе. І вось новы віток: 10 чэрвеня БДТРК падпадае пад санкцыі. – У выніку санкцый на тэлеканале „Беларусь 2”, хутчэй за ўсё, не будзе амерыканскіх фільмаў. Таксама мы згубім частку спартовага вяшчання на „Беларусь 5”. На Захадзе не хочуць, каб жыхары Беларусі глядзелі еўрапейскі футбол? Яны будуць глядзець айчынны і расійскі футбол, будуць слухаць нашы гімны і глядзець на нашы сцягі. Будуць бліжэй да сваёй краіны і нашых саюзнікаў, –  дадаў Эйсмант.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]