БАТЭ перамог менскае „Дынама”



У нядзелю адбыліся цэнтральныя матчы 24 тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. Лідар першынства салігорскі „Шахцёр” адолеў „Слуцк”, які вядзе змаганне за 4-е месца. На сваім полі „цукровыя” на гэты раз саступілі „гарнякам” – 0:2. Мячы забілі форвард Дзяніс Лапцеў (18-я хвіліна) і абаронец Аляксей Янушкевіч (20-я).

У такой сітуацыі каштоўнасць ачкоў у баі на сталічным „Трактары” менскага „Дынама” і барысаўскага БАТЭ ўзрасла яшчэ больш. У першым тайме тэрытарыяльную перавагу мелі „бела-блакітныя”, жывей пачалі яны і пасля перапынку. Аднак тут, на 53-й хвіліне грымнуў барысаўскі гром і шахнула маланка – Ігар Стасевіч выканаў кутні, а Станіслаў Драгун з блізкай адлегласці галавой тарпедаваў браму менчукоў. Святкаваць свой голавы поспех былы дынамавец высакародна не стаў. Усе далейшыя высілкі „Дынама” адыграцца плёну не прынеслі і ў выніку БАТЭ перамог 1:0.

Апошнія 5 матчаў чэмпіён краіны выйграў з агульным лікам 15:0 (!). Цяпер наперадзе БАТЭ толькі „Шахцёр”.

Вынікі іншых сустрэч 24-га тура такія:

„Іслач” (Менская вобласць) – „Славія” (Мазыр) – 1:0.

ФК „Віцебск” – „Дынама” (Берасце) – 2:2.

„Дняпро” (Магілёў) – ФК „Менск” – 1:1.

„Крумкачы” (Менск) – „Нёман” (Гародня) – 2:2.

„Нафтан” (Наваполацк) – ФК „Гомель” – 0:3

Становішча прэтэндэнтаў на медалі ў табліцы цяпер такое: 1. „Шахцёр” – 56 ачкоў, 2. БАТЭ – 54, 3. „Дынама” (Менск) – 52.

Беларускае Радыё Рацыя