Беларусь сенсацыйна абыграла Партугалію ў пляжны футбол



Зборная Беларусі па пляжным футболе сенсацыйна абыграла Партугалію з лікам 3:2 у адборавым матчы чэмпіянату свету.

Беларуская каманда ў супрацьстаянні з другой камандай сусветнага рэйтынгу адкрыла лік на 5-й хвіліне: дакладным ударам вызначыўся Вадзім Бокач. У другім перыядзе Іван Канстанцінаў і Анатоль Рабко стварылі салідны адрыў – 3:0. У супернікаў беларусаў двойчы вызначыўся галамі Жаау Мігель Гансалвеш, але зраўняць лік партугальцам не ўдалося. Наступны матч у адборачнай групе 1 Беларусь згуляе 25 ліпеня з Італіяй, а 26-га – з Польшчай.

Шымановіч стаў 5-м на чэмпіянаце свету

Беларус Ілля Шымановіч у фінале чэмпіянату свету па плаванні на дыстанцыі 50 м брасам стаў пятым. Турнір праходзіць у карэйскім Кванджу. У паўфінале беларус паказаў чацвёрты вынік. У фінальным заплыве Ілля пераадолеў дыстанцыю за 26,85 секунды. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзняўся спартовец з Вялікабрытаніі Адам Піці – 26,06 секунды. Як паведамлялася, беларускі квартэт у складзе Мікіты Цмыга, Іллі Шымановіча, Анастасіі Шкурдай і Аксаны Дзямідавай у змяшанай камбінаванай эстафеце 4×100 м атрымаў ліцэнзію на Алімпіяду-2020 у Токіа.

«Бабруйск» узмацніўся расейскімі гульцамі

Расейскія нападнік Уладзіслаў Багаслоўскі, Герман Мурашоў і Раман Шувалаў падпісалі кантракты з хакейным клубам „Бабруйск”. Уладзіслаў

Багаслоўскі мінулы сезон правёў у трэцяй лізе Славакіі. Нападнік прыняў удзел у 16 матчах за каманду „Левіцы”, у якіх адзначыўся 14 (5 + 9) выніковымі баламі.

Герман Мурашоў выступаў за тры клубы, але закончваў сезон у камандзе „Нове Замкі”, якая выступае ў другой лізе Славакіі. У 6 матчах рэгулярнага чэмпіянату Мурашоў адзначыўся 4 (2 + 2) баламі.

Раман Шувалаў у папярэднім сезоне гуляў у Студэнцкай лізе Расеі за каманду горнага ўніверсітэта Екацярынбурга. У 11 матчах рэгулярнага чэмпіянату гулец адыграў у 11 сустрэчах, у якіх набраў 10 (1 + 9) ачкоў. У дзвюх сустрэчах плэй-оф набранымі баламі не вызначыўся.

Валейбалісты прайшлі ў паўфінал юнацкага алімпійскага фестывалю

Беларускія валейбалісты выйшлі ў паўфінал XV летняга Еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю ў Баку. У вырашальным матчы групы А беларускія гульцы былі мацней за супернікаў з Нямеччыны – 3:1. Пасля памылак у канцоўцы першай партыі лідары каманды Уладзіслаў Бабкевіч і Максім Багатка прыкметна лепш згулялі ў нападзе, набраўшы адпаведна 19 і 22 ачкі, што дазволіла падначаленым Аляксея Кавалёва перахапіць ініцыятыву. Супернік юніёрскай зборнай Беларусі ў паўфінале вызначыцца па выніках матчу групы В Італія – Бельгія.

Клімянкова выйграла пяцібор’е ў Сафіі

Беларуска Ксенія Клімянкова заваявала залаты медаль на юніёрскім чэмпіянаце свету па сучасным пяцібор’і ў балгарскай Сафіі. Будучая пераможца няўдала пачала турнір, заняўшы толькі 26-е месца ў плаванні, але ў фехтаванні беларусцы атрымалася вярнуцца ў лік лідараў. Упэўнена Ксенія Клімянкова правяла камбінаваны від (крос і стральбу). У выніку яна набрала 1032 ачкі і заняла першае месца. Таксама срэбраны медаль беларуская каманда заваявала ў эстафеце сярод дзяўчат, у якой Кацярына Эціна і Ксенія Клімянкова занялі другое месца. У камандным заліку сярод юнакоў Іван Прыткоў, Уладзіслаў Мелказёраў, Віктар Цеўнянскі таксама сталі срэбранымі прызёрамі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота by.tribuna.com