БАТЭ перамог „Шахцёр” і заваяваў Суперкубак Беларусі



БАТЭ ў матчы за Суперкубак Беларусі ў Менску на стадыёне „Дынама-Юні” перамог „Шахцёр” – 1:0.

Адзіны гол на трэцяй дабаўленай да асноўнага часу хвіліне забіў форвард барысаўчан Неманья Міліч.

Італія гатова прыняць матчы чэмпіянату Украіны

Прэзідэнт Італьянскай федэрацыі футбола (FIGC) Габрыэле Гравіна распавёў, што Італія гатова прыняць матчы чэмпіянату Украіны-2021/2022. „Мы гатовы дапамагаць прымаць уцекачоў, а таксама праводзіць матчы ўкраінскай Прэм’ер-лігі. Мы працуем і над іншымі ініцыятывамі”, — цытуе Гравіну Corriere della Sera. Гэты розыгрыш чэмпіянату Украіны быў прыпынены 24 лютага з-за пачатку ваенных дзеянняў.

„Хаас” скасаваў кантракт з расейскім пілотам беларускага паходжання Мікітам Мазепіным

Расейскі пілот Мікіта Мазепін пакідае каманду Формулы-1 „Хаас”. Амерыканская „стайня” прыняла рашэнне скасаваць кантракт з гоначнікам. Акрамя таго, у „Хаасе” разарвалі кантракт з тытульным спонсарам, расейскай кампаніяй „Уралкалій”, уладальнікам якой з’яўляецца бацька Мікіты нараджэнец Менска Дзмітрый Мазепін. У агульным заліку пілотаў Формулы-1 мінулага сезона Мазепін заняў апошняе месца, не набраўшы ніводнага ачка.

Хаві заявіў, што „Барселона” ў хуткім часе абмяркуе падаўжэнне кантракту з Дані Алвесам

Галоўны трэнер „Барселоны” Хаві паведаміў, што клуб найбліжэйшым часам зоймецца пытаннем працягу кантракта з Дані Алвесам. 38-гадовы Алвес перайшоў у „Барселону” на правах свабоднага агента ў студзені 2022 года. На яго рахунку 1 гол і 3 выніковыя перадачы ў 6 матчах за каманду ў гэтым сезоне. Кантракт бразільца з каталонскім клубам дзейнічае да канца чэрвеня 2022 года.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Шахцёр