БАТЭ прабіўся ў Лігу Еўропы!



У чацьвер на палях Еўропы прайшлі шматлікія матчы раўнду плэй-оф Лігі Еўропы. Чэмпіён Беларусі – барысаўскі БАТЭ ў драматычным змаганні перамог украінскую каманду „Александрыя” з лікам 2:1 і выйшаў у асноўную стадыю турніру. 

Выяздному паядынку БАТЭ з „Аляксандрыяй” папярэднічаў святочны антураж – Украіна якраз адзначала Дзень незалежнасці. 

Першы тайм праходзіў з тэрытарыяльнай перавагай гаспадароў поля. Каманда Уладзіміра Шарана атакавала больш настойліва і ўрэшце дамаглася небясспрэчнага пенальці. Брамнік БАТЭ Шчарбіцкі зрэагаваў на ўдар, але адбіць мяч усё ж не здолеў. Гэты 11-мятровы выконваў Васіль Грыцюк – так на 34-й хвіліне лік стаў 1:0.

У другой палове БАТЭ меў перавагу і рэальныя шанцы параўняць лік. Спярша зблізку Віталь Радзівонаў прабіў галавой, але галкіпер „Александрыі” здолеў парыраваць мяч, які адскочыў ад газону. Пры гэтым разбіў галаву цэнтральны абаронца „Александрыі” – істотная страта ў шэрагах гаспадароў поля. Як паказалі далейшыя падзеі гэтая траўма істотна аслабіла абарону ўкраінскай каманды. Пасля Станіслаў Драгун няздарна распарадзіўся мячом, паслаўшы яго ў нябёсы з выгоднай сітуацыі. Урэшце Аляксандр Ермаковіч пайшоў ва-банк і выпусціў на поле трэцяга форварда – фактурнага Мікалая Сігневіча.

Да голавага поспеху БАТЭ прывяла просценькая камбінацыя на 70-й хвіліне – Мірка Іваніч падпільнаваў правал у цэнтры александрыйскай абароны і без праблем накіраваў мяч у сетку. А праз пару хвілін ён жа скарыстаўся верхавой падачай Ігара Стасевіча і галавой аформіў дубль. Пры тым пару гульцоў БАТЭ былі ў пасіўным афсайдзе. Далей БАТЭ досыць упэўнена ўтрымліваў сваю перавагу.

Іншы ўкраінскі клуб – кіеўскае „Дынама”, які трэніруе беларускі спецыяліст Аляксандр Хацкевіч, дамогся хатняй вікторыі над партугальскім „Марыціму” – 3:1. Дынамаўцы ўпэўнена прабіліся ў групавы этап Лігі Еўропы. Выйшаў у наступны этап і клуб беларускага абаронцы Ягора Філіпенкі – тэль-авіўскі „Макабі”, які згуляў дома 2:2 з аўстрыяцкім „Райндорфам” (першы матч „Макабі” выйграў на выездзе 1:0). Удзел у гэтай сустрэчы Філіпенкі быў амаль намінальным – ён выйшаў на замену на 86-й хвіліне).

Варшаўская „Легія” згуляла на выездзе з малдоўскім „Шэрыфам” 0:0 (дома было 1:1), такім чынам далей ідзе „Шэрыф”.

Беларускае Радыё Рацыя