БАТЭ прайграў ПСВ 2:3



Барысаўскі БАТЭ правёў першы паядынак 4-га кваліфікацыйнага раўнду футбольнай Лігі чэмпіёнаў. У матчы на сваім полі чэмпіёны Беларусі саступілі чэмпіёнам Нідэрляндаў – клубу ПСВ з Эйндховена – 2:3.

Стартавыя 15 хвілін выразна былі за гаспадарамі поля. БАТЭ стварыў некалькі небяспечных момантаў і ўжо на 9-й хвіліне адкрыў лік. Барысаўцы разыгралі проста ўзорную камбінацыю, якую трапным стрэлам завяршыў Ясэ Туомінен. Менавіта фін замяніў у стартавым складзе БАТЭ Мікалая Сігневіча.

Пасля голу БАТЭ аддаў ініцыятыву суперніку і на 35-й хвіліне расплаціўся за гэта. Недарэчны пенальці за выстаўленую руку Мілунавіча прывёў да таго, што ПСВ параўняў лічбы на табло. Неўдзабаве пасля ўдару галавой Ірвінга Ласана БАТЭ ўратаваў брамнік Дзяніс Шчарбіцкі.

Пасля перапынку каманды абменьваліся контрвыпадамі. Больш спрытнымі і зладжанымі выглядалі дзеянні эйндховенцаў. На 61-й хвіліне мексіканец Ласана тэхнічна накіраваў мяч у браму Шчарбіцкага – так ПСВ выйшаў наперад. Пасля гэтага клуб з Нідэрляндаў стварыў яшчэ нямала выгодных момантаў. БАТЭ з свайго боку імкнуўся адыграцца. На 88-й хвіліне пасля грубай памылкі брамніка гасцей выйшаўшы на замену Аляксандр Глеб удала згуляў на дабіванні – 2:2. Але ўслед БАТЭ адразу прапусціў, яго абарона з трэскам правалілася – 2:3.

Цяпер у адказным матчы ў Эйндховене БАТЭ, каб выйсці ў асноўную стадыю Лігі чэмпіёнаў, патрэбна забіваць мінімум два мячы.

Беларускае Радыё Рацыя