БАТЭ ў Лізе Еўропы стартаваў з перамогі



Барысаўскі БАТЭ ў Лізе Еўропы стартаваў з перамогі. Чэмпіёны Беларусі на выездзе адолелі венгерскі „Відзі” – 2:0.

На 27-й хвіліне вызначыўся фінскі легіянер БАТЭ Ясэ Туомінен. Ён жа ў канцоўцы першага тайма мог падвоіць перавагу гасцей, але абаронец „Відзі” здолеў нейтралізаваць пагрозу.

У другім тайме БАТЭ асноўныя спадзевы ўскладаў на стандарты і паспяхова абараняўся. На 85-й хвіліне такая тактыка прынесла плён – Ягор Філіпенка адгукнуўся на перадачу Ігара Стасевіча са штрафнога і праштампаваў вікторыю беларускага клуба.

За гэтую перамогу БАТЭ зарабіў 570 тысяч еўра, агульны прыбытак за гэтую восень чэмпіёна Беларусі складае 8,49 мільёна.

БАТЭ выйшаў у лідары групы, паколькі галоўны фаварыт квартэту лонданскі „Чэлсі” перамог грэцкі ПАОК больш сціпла – 1:0.

Беларускае Радыё Рацыя