БАТЭ ў пагоні за лідарам



Чатыры матчы 15 тура футбольнага чэмпіянату Беларусі прайшлі ў суботу, 1 ліпеня.

Працягвае радаваць сваіх заўзятараў ФК „Слуцк”. На гэты раз „цукровыя” на сваім полі ўзялі верх над магілёўскім „Дняпром” – 1:0. Адзіны гол у сустрэчы здзейсніў івуарыец Конан Аюі на 22-й хвіліне.

Аўтсайдары першынства „Іслач” і наваполацкі „Нафтан” разышліся сухім мірам – 0:0. Днём раней з такім жа зыходам пакінулі поле ў сталічным дэрбі „Крумкачы” і ФК „Мінск”. 

Берасцейскае „Дынама” пры сваіх гледачах разграміла „Гомель” – 3:0. У першым тайме дублем стрэліў паўабаронец бела-блакітных Дзмітрый Герман. На 75-й хвіліне перавагу гаспадароў замацаваў Дзмітрый Алісейка.

Барысаўскі БАТЭ здолеў зламаць супраціў „Гарадзеі”, адправіўшы ў яе браму два мячы – вынік сустрэчы 2:0 на карысць чэмпіёнаў краіны. Пачын зрабіў Аляксей Рыас на 25-й хвіліне. На 62-й лік падвоіў фінскі нападнік Ясе Туомінен.

Верхняя частка турнірнай табліцы зараз выглядае так: 1. „Шахцёр” (Салігорск) -35 ачкоў, 2. БАТЭ – 33, 3. „Дынама” (Менск) – 31, 4. ФК „Слуцк” – 28. Праўда, салігорцы і дынамаўцы правялі на матч менш.

Беларускае Радыё Рацыя