БАТЭ упэўнена лідыруе ў чэмпіянаце Беларусі



У пятніцу прайшлі тры матчы 5-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. БАТЭ зноў святкаваў перамогу. На гэты раз быў абыграны „Гомель” — 2:1. Першы мяч забіў на 28-й хвіліне з пенальці Вілюм Тор Вілюмсан, а на 88-й вызначыўся Арцём Шуманскі, які выйшаў на замену. Ужо ў даданыя да асноўнага часу хвіліны нігерыйскі легіянер Раймонд Адэола скараціў разрыў у ліку. Гэта першы мяч, прапушчаны барысаўцамі ў гэтым сезоне. Чэмпіён краіны салігорскі „Шахцёр” і з новым трэнерам не можа знайсці пакуль сваю гульню: нічыя 1:1 ў Гародні з „Нёманам”. „Белшына” і „Віцебск” таксама згулялі ўнічыю – 2:2.

Валейбалісткі „Мінчанкі” прайгралі „Енісею” ў матчы расейскай Суперлігі

Валейбалісткі „Мінчанкі” прайгралі „Енісею” ў матчы міні-турніру за 9-14-е месцы жаночага чэмпіянату Расеі, які праходзіць у Чалябінску. Падначаленыя Станіслава Салікава не здолелі ўзяць у суперніц з Краснаярска ніводнага сэта – параза ў трох партыях 0:3. Дзякуючы гэтай перамозе „Енісей” выйшаў на 9-е месца ў расійскай Суперлізе, адарваўшыся ад „Мінчанкі” на 4 ачкі. Беларускі займаюць 12-ю пазіцыю сярод 14 каманд. Наступны матч суцяшальнага турніру чэмпіянату Расеі валейбалісткі „Мінчанкі” правядуць сёння супраць дзяўчат з „Ліпецка”.

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў 1/2 фіналу турніру ў Штутгарце

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка стала паўфіналісткай турніру ў нямецкім Штутгарце з прызавым фондам 757 тысяч даляраў. У чвэрцьфінале чацвёртая ракетка свету перайграла эстонку Анет Кантавейт – 6:4, 3:6, 6:1. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 45 хвілін. У матчы за трапленне ў фінал беларуска будзе супернічаць з іспанскай тэнісісткай Паўлай Бадосай.

Уладзіслаў Калячонак правёў больш за 16 хвілін за „Арызонусупраць „Вашынгтона

У чарговым матчы чэмпіянату НХЛ „Арызона” на сваёй пляцоўцы саступіла „Вашынгтону” з лікам 0:2. Беларускі абаронца гаспадароў Уладзіслаў Калячонак правёў на лёдзе 16 хвілін 42 секунды, зрабіў два кідкі, ужыў два сілавыя прыёмы, здзейсніў дзве страты і адзін перахоп, зарабіў каэфіцыент карыснасці „0” па сістэме „плюс-мінус”. У актыве нашага суайчынніка ў гэтым сезоне 3 (1+2) ачкі ў 31 паядынку НХЛ, пры паказчыку карыснасці „+1”.

„Металург” абыграў ЦСКА ў трэцім матчы фіналу Кубка Гагарына

Хакеісты „Металурга” ў гасцях буйна абыгралі ЦСКА 4:0 ў трэцім матчы фіналу плей-оф КХЛ і выйшлі наперад у серыі – 2:1. Чацвёрты паядынак паміж камандамі адбудзецца заўтра таксама на лёдзе „ЦСКА Арэны” ў Маскве.

Беларусь і Расея ствараюць супольную гандбольную лігу

Беларусь і Расея ствараюць сумесную гандбольную лігу. У ёй будзе па чатыры каманды ад кожнай краіны. Пра гэта заявіў старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў. „Перавагі аддаюцца тым камандам, якія зоймуць першыя чатыры месцы ў нацыянальным чэмпіянаце, — кажа Канаплёў. — Таксама будуць агульныя зборы і таварыскія гульні паміж зборнымі”. Прычына гэтага праекту відавочная – міжнародныя санкцыі, пад якія трапіў гандбол Беларусі і Расеі з-за агрэсіі супраць Украіны.

Беларускае Радыё Рацыя