БАТЭ вярнулі забраныя раней тры ачкі



Апеляцыйны камітэт Беларускай федэрацыі футболу 10 лістапада разглядаў так званую „справу Верамко”. Камітэт пастанавіў адмяніць вердыкт дысцыплінарнага камітэта БФФ і вярнуць БАТЭ тры ачкі за матч супраць „Слуцку”. Пры гэтым барысаўскі клуб аштрафаваны на 2 тысячы базавых велічынь, што складае 42 тыс рублёў.

Напомнім, што ў 23-м туры БАТЭ дома разграміў „Слуцк” з лікам 6:0. Пазней, 13 кастрычніка, дысцыплінарны камітэт  залічыў БАТЭ тэхнічную паразу з-за таго, што ў заяўцы быў галкіпер Сяргей Верамко, які запазніўся аплаціць штраф за ранейшую дыскваліфікацыю. Брамнік Верамко не выступаў у той сустрэчы, прасядзеўшы яе на лаве рэзервовых.

Верхняя частка турнірнай табліцы першынства цяпер выглядае так:

1. „Шахцёр” (Салігорск) — 65 ачкоў, 2. БАТЭ (Барысаў) — 64, 3. „Дынам” (Менск) — 62. Да канца чэмпіянату засталося ўсяго два туры. Вось расклад гульняў з удзелам лідараў:

18 лістапада: БАТЭ – „Нёман” (Гародня), „Шахцёр” – „Тарпеда” – БелАЗ (Жодзіна), „Дынама” (Менск) – „Крумкачы” (Менск).

26 лістапада: „Гарадзея” — БАТЭ, „Нёман” – „Шахцёр”, ФК „Віцебск” – „Дынама” (Менск). Беларускае Радыё Рацыя