БАТЭ выбіў берасцейскае „Дынама” з Кубку Беларусі



5 снежня адбыўся апошні матч 1/8-й фіналу чарговага розыгрышу Кубка Беларусі па футболе. Барысаўскі БАТЭ прымаў на сваім стадыёне берасцейскае „Дынама” і дамогся ў цэлым пераканаўчай вікторыі – 4:2.

Для гаспадароў поля – гэта была магчымасць рэабілітацыі пасля правалу ў канцоўцы чэмпіянату, калі БАТЭ па сваёй віне выпусціў з рук золата першынства. Для „Дынама” з берагоў Бугу – гэта была своеасаблівая развітальная гастроль. Бальшыня мацнейшых гульцоў каманды Берасця пакідае клуб і яго фармат на наступны сезон досыць цьмяны.

На „Барысаў-Арэне”, здавалася, што гаспадарам напоўніцу ўдаўся бліц-крыг – да 12-й хвіліне Неманья Міліч і Станіслаў Драгун двойчы скарысталіся перадачамі Ігара Стасевіча і табло высвечвала 2:0. Але ўжо праз 5 хвілін Дзяніс Лапцеў з пенальці скараціў розніцу ў ліку. З тым і пайшлі на адпачынак.

У другой палове на 67-й хвіліне ўдар Аляксандра Наёка знянацку збянтэжыў брамніка Антона Чычкана, які прапусціў другі раз – 2:2. Але ўсё ж БАТЭ быў мацнейшым у гэты вечар. На 74-й хвіліне свой другі гол аформіў Драгун, а пасля, выйшаўшы на замену Максім Скавыш, пацвердзіў статус лепшага нацыянальнага бамбардзіра сезону. У выніку ў чвэрцьфінал выйшаў БАТЭ.

Матчы чарговай стадыі Кубку Беларусі пройдуць ужо ў сакавіку наступнага году.

Акрамя БАТЭ ў чвэрцьфінал выйшлі гарадзенскі „Нёман”, жодзінскае „Тарпеда”, салігорскі „Шахцёр”, менская „Іслач”, ФК „Віцебск”, ФК „Мінск” і дзяржынскі „Арсенал” з другога дывізіёна.

Беларускае Радыё Рацыя

фота Прессбол