БАТЭ выбыў з еўракубкаў



Барысаўскі БАТЭ завяршыў выступы ў футбольнай Лізе чэмпіёнаў паразай ад „Атлетыка” 0:2. Хатняя перамога над баскамі пакідала магчымасць на пераход у Лігу Еўропы, але барысаўчане не скарысталіся гэтым. Баскі ўзялі рэванш у БАТЭ за паразу ў першым матчы на „Барысаў-Арэне” – вызначыліся Сан Хасэ і Сусаэта. БАТЭ завяршыў еўрасезон, толькі ў адным з шасці матчаў групавой стадыі здолеўшы трапіць у браму сапернікаў – здарылася гэта ў сустрэчы першага круга з „Атлетыкам”. Чатыры з пяці паразаў БАТЭ апынуліся буйнымі – 0:6 і 0:3 ад „Порту”, 0:7 і 0:5 ад данецкага „Шахтара”. Прапусціўшы 24 мячы, БАТЭ абнавіў антырэкорд па ліку прапушчаных мячоў у адным розыгрышы групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. Раней па 22 разы прапускалі заграбскае „Дынама” і дацкі „Нордшэланд”.

Па выніках апошняга тура групы H ў Лізе чэмпіёнаў вырашалася, якая каманда зойме трэцяе месца і згуляе ў Лізе Еўропы. Першае месца ўжо было гарантавана «Порту», другое – «Шахтару». У апошнім туры партугальская і ўкраінская каманды згулялі ўнічыю – 1:1.

У квартэце F «Барселона» на сваім полі святкавала валявую перамогу над ПСЖ, забяспечыўшы сабе першае месца ў групе. Сустрэча завяршылася з лікам 3:1. На дакладны ўдар Златана Ібрагімавіча каталонскі клуб адказаў галамі Ліянэля Месі, Нэймара і Луіса Суарэса. Каталонскі клуб 13-ы раз за ўсю гісторыю турніру выйшаў у плэй-оф з першага месца ў групе, апярэдзіўшы па гэтым паказчыку мадрыдскі «Рэал», якому гэта ўдалося 12 разоў. «Аякс» у родных сценах разграміў АПОЭЛ – 4:0. Дубль аформіў Ласэ Шоне, па адным мячы на свой рахунак запісалі Даві Клаасэн і польскі гулец Аркадыуш Мілік.

Футбалісты ЦСКА не змаглі пераадолець групавы этап Лігі чэмпіёнаў, прайграўшы ў апошнім туры «Баварыі» 0:3. Галы на рахунку Мюлера, Родэ і Гёцэ.  «Баварыя» з 15 ачкамі размясцілася на першым месцы ў групе E. ЦСКА, у актыве якога пяць балаў, скончыў турнір на апошнім, чацвёртым радку і не прабіўся нават у плэй-оф Лігі Еўропы. Футбалісты «Манчэстар Сіці» перамаглі «Рому» 2:0. Ангельцы выйшлі наперад на 60-й хвіліне, калі з кута штрафной магутна прабіў у блізкую дзявятку Самір Насры. Замацавалі перавагу падначаленыя Мануэля Пелегрыні на 86-й хвіліне Пабла Сабалета апярэдзіў абаронцаў і скіраваў мяч у далёкі кут. «Манчэстэр Сіці» набраў восем ачкоў і размясціўся ў турнірнай табліцы групы E на другім месцы. «Рома» працягне ўдзел у плэй-оф Лігі Еўропы.

У квартэце G «Чэлсі» на сваім полі разабраўся  са «Спортынгам» 3:1. У складзе гаспадароў вызначыліся Сэск Фабрэгас, Андрэа Шурле і Джон Обі Мікел. Адзіны гол гасцей на рахунку Хонатана Сільвы. «Шальке» на выездзе выйграў у «Марыбара» 1:0 і заняў другое месца ў групе.

Такім чынам сталі вядомыя ўсе ўдзельнікі 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў.

З першага месца ў групе ў плэй-оф выйшлі: «Атлетыка» (група А), «Рэал» (B), «Манака» (C), «Барусія» (D), «Баварыя» (E), «Барселона» (F), «Чэлсі» (G) і «Порту» (H).

З другога месца: «Ювентус» (A), «Базэль» (B), «Баер» (C), «Арсенал» (D), «Манчэстар Сіці» (E), «ПСЖ» (F), «Шальке- 04 »(G) і« Шахтар »(H).

Беларускае Радыё Рацыя