БАТЭ залічана тэхнічная параза ў матчы са „Слуцкам”
Футбольнаму клубу БАТЭ залічана тэхнічная параза з лікам 0:3 у матчы 23-га тура чэмпіянату Беларусі са „Слуцкам”. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні дысцыплінарнага камітэта і камітэта па этыцы асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”.
Вердыкт быў вынесены ў сувязі з неправамоцнасцю заяўкі на матч БАТЭ – „Слуцк” (23 верасня, рэзультат – 6:0) галкіпера барысаўчан Сяргея Верамко, які на поле не выходзіў, застаўшыся ў запасе. У канцы прайгранай гасцявой гульні з „Мінскам” (0:1), праведзенай 6 жніўня, Верамко спрабаваў прымяніць фізічную сілу да галоўнага арбітра матчу. За гэта Сяргей Верамко быў дыскваліфікаваны на 5 матчаў і аштрафаваны на 50 базавых велічынь. Тэрмін дыскваліфікацыі завяршыўся перад гульнёй са „Слуцкам”, а канфлікт узнік у сувязі з тым, што штраф не быў выплачаны своечасова і, згодна з дысцыплінарным кодэксам АБФФ, дыскваліфікацыя прадаўжалася да выплаты штрафу.
ФК БАТЭ цягам 10 дзён з моманту вердыкту АБФФ мае права падаць апеляцыю. Калі яна не будзе задаволена, то каманда пазбавіцца 3 ачкоў, што значна ўскладніць перспектывы БАТЭ ў барацьбе за чэмпіёнскі тытул.
Бліжэйшы матч нацыянальнага першынства барысаўчане правядуць 15 кастрычніка на сваім полі супраць футбалістаў „Віцебска”. У цэнтральным матчы 25-га тура лідар чэмпіянату Беларусі салігорскі „Шахцёр” прыме ў сябе дома менскае „Дынама”, якое займае 3-е месца. Становішча ў групе лідараў пасля 24 тураў: „Шахцёр” – 56 ачкоў (розніца мячоў – 41-13), БАТЭ (без уліку тэхнічнага паражэння) – 54 (45-11), „Дынама” (Менск) – 52 (33-13).
